Кіраўнік Еўразвяза: Усе вінаватыя ў гвалце ў Беларусі павінны быць прыцягнутыя да адказнасці
У Беларусі павінны быць спынены гвалт у дачыненні да апазіцыі і грамадзян, заявіў кіраўнік Еўрапейскага звяза Шарль Мішэль, выступаючы 6 кастрычніка ў Еўрапарламенце.
„У дачыненні да Беларусі нашы мэты ясныя. Па-першае, пакласці канец рэпрэсіям і гвалту супраць апазіцыі і насельніцтва. Па-другое, дазволіць беларускаму народу бесперашкодна вызначаць сваю будучыню”, — сказаў ён.
Паводле слоў Мішэля, для гэтага неабходны ўсебаковы нацыянальны дыялог, правядзенню якога магла б спрыяць Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ). „І вінаватыя ў гвалце павінны быць прыцягнутыя да адказнасці. Таму мы прынялі рашэнне аб санкцыях, якое неадкладна набыло моц”, — дадаў кіраўнік Еўразвяза.
Рашэнне ўвесці санкцыі ў дачыненні да 40 беларускіх службовых асоб, у тым ліку кіраўніцтва МУС, АМАП, КДБ і Цэнтрвыбаркама, было прынятае па выніках сустрэчы Еўрапейскага звяза ў Бруселі 1—2 кастрычніка.