Кіраўнік канцэрна „Беллеспаперапрам” Юрый Назараў прызначаны віцэ-прэм’ерам
Юрый Назараў прызначаны віцэ-прэм’ерам Беларусі. Адпаведнае рашэнне Аляксандр Лукашэнка прыняў 3 сакавіка.
Лукашэнка адзначыў, што даручаў кіраўніку сваёй адміністрацыі папярэдне абмеркаваць з Юрыем Назаравым пытанне аб яго прызначэнні. „Ён мне ўчора далажыў пра вашу размову і пытанні, якія вас хвалююць у сувязі з гэтым”, — сказаў Лукашэнка, звяртаючыся да Назарава.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, новаму віцэ-прэм’еру трэба будзе курыраваць „ключавы і найважнейшы для краіны кірунак — гэта нафтахімічны комплекс”. „Я б прасіў, каб вы ўключыліся ў працу і забяспечылі гэты ўчастак”, — сказаў Лукашэнка.
Ён таксама адзначыў, што падчас сустрэчы з Назаравым хацеў бы адказаць на тыя пытанні, якія той акрэсліў напярэдадні ў размове з кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта.
Нафтахімічны комплекс ва ўрадзе курыраваў Ігар Ляшэнка. На пасадзе віцэ-прэм’ера ён прапрацаваў са жніўня 2018 года. Як паведамлялася раней, сёння Лукашэнка вызваліў яго ад гэтай пасады „ў сувязі з пераходам на іншую працу”, якую менавіта — ва ўказе не ўдакладняецца.
Юрый Назараў нарадзіўся ў 1962 годзе ў горадзе Горкі Магілёўскай вобласці. Скончыў Беларускі тэхналагічны інстытут імя С.М.Кірава па спецыяльнасці „Лясная гаспадарка”, Акадэмію кіравання пры прэзідэнце па спецыяльнасці „Міжнародныя эканамічныя адносіны”.
З 1981 па 1982 гады працаваў лабарантам Беларускага тэхналагічнага інстытута імя С.М.Кірава.
З 1983 па 1988 гады — ляснічым Зуброўскага лясніцтва, інжынерам па ахове лесу і паляўнічай фаўны, галоўным ляснічым Горацкага лясгаса.
У 1988—2001 гадах кіраваў Горацкім лясгасам.
З 2001 па 2004 гады займаў пасаду намесніка старшыні камітэта лясной гаспадаркі пры Савеце міністраў.
З 2004 па 2010 гады — намесніка міністра лясной гаспадаркі.
У 2010—2013 гадах працаваў намеснікам кіраўніка справамі прэзідэнта.
17 снежня 2013 года быў прызначаны старшынёй канцэрна „Беллеспаперапрам”.
belapan.by