Кіраўнік Каталоніі абяцае абвясціць незалежнасць у бліжэйшыя дні
Каталонія абвесціць незалежнасць ад Іспаніі на працягу бліжэйшых дзён. Пра гэта заявіў кіраўнік урада аўтаноміі Карлес Пучдэмон у інтэрв’ю BBC.
Па словах Пучдэмона, урад „пачне дзейнічаць у канцы гэтага тыдня або ў пачатку наступнага”.
Адказваючы на пытанне пра рэакцыю на магчымую спробу Іспаніі ўзяць кантроль над урадам Каталоніі, старшыня женералітату (урада) заявіў, што гэта было б памылкай, якая зменіць усё .
Пучдэмон дадаў, што цяпер яго ўрад не падтрымлівае кантактаў з Мадрыдам, і адзначыў, што для Еўразвязу было памылкай заявіць, што рэферэндум аб незалежнасці Каталоніі – гэта ўнутранае пытанне Іспаніі.
Нагадаем, 1 кастрычніка ў Каталоніі прайшоў забаронены Іспаніяй рэферэндум аб незалежнасці аўтаноміі.
Па звестках уладаў Каталоніі, каля 90% выбаршчыкаў выказаліся за незалежнасць ад Іспаніі.
У Еўракамісіі заявілі, што, згодна з Канстытуцыяй Іспаніі, праведзены рэферэндум у Каталоніі – незаконны, і нагадалі, што Каталонія апынецца за межамі Еўразвязу, калі выйдзе са складу Іспаніі.
