Кіраўнік МАП заклікаў Лукашэнку паважаць правы і свабоды працоўных падчас пратэстаў



Генеральны дырэктар Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) Гай Райдэр заклікаў Аляксандра Лукашэнку прадухіліць парушэнні правоў чалавека і забяспечыць паўнавартасную павагу правоў і свабод працоўных падчас хвалі пратэстаў, якія ахапілі краіну апошнімі тыднямі, паведамляе сайт МАП.

У адрасаваным Лукашэнку лісце Райдэр настойліва раіць зняць усе абвінавачванні і вызваліць прафсаюзных актывістаў, якія былі затрыманыя пасля ўдзелу ў мірных пратэстах і страйках.

Кіраўнік МАП адзначыў, што „ўрад нясе адказнасць за стварэнне атмасферы, свабоднай ад гвалту, пагроз або націску ў дачыненні да рабочых, якія мірна пратэстуюць”, а таксама, што любыя заявы пра падобныя факты „павінны быць хутка і незалежна расследаваныя”. „Я павінен заклікаць вас зрабіць усё, што ў вашых сілах, для прадухілення парушэнняў правоў чалавека і забеспячэння паўнавартаснай павагі правоў і свабод працоўных”, — звярнуўся ён да Лукашэнкі.

Райдэр выказаў глыбокую заклапочанасць у сувязі з паведамленнямі пра арышты, затрыманні, узяцце пад варту і жорсткае абыходжанне з лідарамі рабочага руху. „Ніхто не павінен быць пазбаўлены волі або знаходзіцца пад крымінальнымі санкцыямі толькі за факт арганізацыі або ўдзелу ў мірнай забастоўцы або пратэсце”, — перакананы ён.

24 жніўня лідар страйкама Мінскага трактарнага завода і член прэзідыума Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі Сяргей Дылеўскі быў затрыманы каля прахадной МТЗ. Яго асудзілі спачатку на 10 сутак арышту па абвінавачванні ў арганізацыі несанкцыянаваных мерапрыемстваў, а затым па такім жа абвінавачванні — на 15 сутак арышту.

Таксама 24 жніўня на тэрыторыі Мінскага завода колавых цягачоў быў затрыманы лідар страйкама МЗКЦ Аляксандр Лаўрыновіч. Ён спрабаваў збіраць подпісы за правядзенне забастоўкі. 25 жніўня суд Заводскага раёна Мінска прызнаў яго вінаватым у парушэнні парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў і прызначыў 10 сутак арышту. Пакаранне Лаўрыновіч адбываў у цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў у Мінску і на тэрыторыі турмы ў Жодзіне.

Зноў жа 24 жніўня быў затрыманы і аштрафаваны на 675 рублёў лідар страйкама „Беларуськалія” Анатоль Бокун, яго прызналі вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве. 31 жніўня Бокуна зноў затрымалі і асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту па аналагічным абвінавачванні. 7 верасня стала вядома, што дырэктар 1-га рудаўпраўлення прадпрыемства Аляксандр Чаянаў яшчэ 28 жніўня падпісаў загад аб звальненні Бокуна за тое, што ён „не хадзіў на працу без паважнай прычыны”.

belapan.by