Кіраўнік Мінэканамразвіцця РФ: Будаўніцтва Саюзнай дзяржавы можа быць закансерваванае



Рабочыя групы па расейска-беларускай інтэграцыі, створаныя ў кожнай з краін, узгаднілі большасць пытанняў праекта праграмы далейшай інтэграцыі, аднак „ёсць шэраг нявырашаных пытанняў, якія носяць прынцыповы характар”. Пра гэта заявіў міністр эканамічнага развіцця РФ Максім Арэшкін 18 ліпеня ў Санкт-Пецярбургу на пленарным пасяджэнні Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расеі.

Фота NewsNN

Прамую трансляцыю яго выступу вёў афіцыйны youtube-канал Савета федэрацыі РФ.

Паводле слоў Арэшкіна, інтэграцыя Расеі і Беларусі заснаваная на „ўнікальнай мадэлі”, якая „абапіраецца на агульную гісторыю, геаграфічную блізкасць і глыбіню эканамічнай кааперацыі”.

„Мадэль функцыянуе на прынцыпах раўнапраўя і ўзаемапавагі. Прамым вынікам працэсу будаўніцтва Саюзнай дзяржавы з’яўляецца дасягненне самага высокага на постсавецкай прасторы ўзроўню інтэграцыі, — адзначыў расійскі міністр. — Часам мы з вамі чуем крытыку ў дачыненні да вынікаў будаўніцтва Саюзнай дзяржавы. Але хацелася б нагадаць, што нават у эканамічна больш развітых і палітычна больш стабільных дзяржавах інтэграцыйныя працэсы займаюць дзясяткі гадоў. Вазьміце хаця б прыклад таго ж Еўрапейскага саюза”.

Арэшкін падкрэсліў, што грамадзяне краін Саюзнай дзяржавы шмат у чым зраўнаваныя ў правах, яны атрымліваюць аднолькавыя сацыяльныя гарантыі, „адчуваюць бяспеку на ўсёй прасторы ад Уладзівастока да Берасця”.

„Калі паглядзець на сітуацыю ў свеце, то, на жаль, яна характарызуецца трэндам супрацьстаяння. Таму цяпер для нас з вамі асабліва важную ролю іграюць інтэграцыйныя працэсы”, — дадаў міністр.

Паводле слоў Арэшкіна, за шэсць месяцаў з моманту стварэння рабочых груп была праведзеная „велізарная экспертная праца, яна не заўсёды была прыкметная ў публічным полі”. „Перад намі стаяла задача не проста правесці рэвізію нарматыўных актаў, рашэнняў, тых вынікаў, якіх мы змаглі ці не змаглі дасягнуць, але з улікам гэтай прааналізаванай інфармацыі распрацаваць праграму дзеянняў па рэалізацыі палажэнняў дагавора. Рэалізацыя такой праграмы ў выпадку прыняцця адпаведнага рашэння нашымі прэзідэнтамі дазволіць дасягнуць прынцыпова новага ўзроўню ў развіцці Саюзнай дзяржавы. І, што важна, без унясення якіх-небудзь зменаў у базавы дагавор”, — удакладніў чыноўнік.

Праект праграмы, адзначыў ён, прадугледжвае „непараўнальна большы ахоп інтэграцыйных сфер, чым тое, што мы маем у межах ЕАЭС”. „Ён ахоплівае падатковае заканадаўства, фінансавую, крэдытна-грашовую, бюджэтную палітыку, антыманапольнае і мытна-тарыфнае рэгуляванне, правілы ў галіне абароны правоў спажыўца, а таксама палітыку ў галіне аховы працы і сацыяльнай абароны насельніцтва”, — пералічыў кіраўнік Мінэканамразвіцця.

Паводле яго слоў, большасць пытанняў урадамі ўжо ўзгодненая. „Ёсць шэраг нявырашаных пытанняў, яны, вядома ж, носяць прынцыповы характар, і вось, калі яны вырашаныя не будуць, гэта можа закансерваваць працэс будаўніцтва Саюзнай дзяржавы, а пры пэўных абставінах — гэты працэс нават разгарнуць назад”, — заявіў Арэшкін.

Галоўным вынікам паглыблення інтэграцыі стане „стварэнне прасторы сапраўды роўных умоў для развіцця і рэалізацыі патэнцыялу нашых грамадзян”, заключыў расійскі міністр.

belapan.by