Кіраўнік МЗС Аўстрыі: Мы не знізім сваю актыўнасць у імя свабоднай, адкрытай і незалежнай Беларусі
„Мы не знізім сваю актыўнасць у імя свабоднай, адкрытай і незалежнай Беларусі”, — заявіў міністр замежных спраў Аўстрыі Аляксандэр Шаленберг падчас візіту ў Літву 24 жніўня.
У гэты дзень разам з кіраўніком МУС Аўстрыі Карлам Нехамерам і кіраўнікамі аналагічных літоўскіх ведамстваў Габрыэлюсам Ландсбергісам і Агне Білатайце Шаленберг наведаў літоўска-беларускую мяжу, праз якую ў апошнія месяцы рэзка ўзрос паток нелегальных мігрантаў.
„Сёння мы тут сведкі таго, як Літва абараняе знешнюю мяжу ЕС і дае адпор рэжыму Лукашэнкі. Яго бесчалавечная сістэма не толькі накіраваная супраць уласных людзей, але і не саромеецца выкарыстоўваць гаротных людзей як зброю супраць ЕЗ. Мы не пацярпім выкарыстанне мігрантаў як сродку націску — зусім няважна, калі і дзе”, — падкрэсліў Шаленберг.
Ён адзначыў, што ў Беларусі ўжо больш за год працягваецца грамадска-палітычная драма, якая фізічна дацягнулася і да Аўстрыі, калі з Токіа ў Варшаву праз Вену ляцела беларуская лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская, якую кіраўнікі зборнай адхілілі ад Алімпіяды пасля публічнага канфлікту і вырашылі адправіць у Менск. „Кульмінацыйнымі момантамі” сталі таксама смерць актывіста Віталя Шышова, арышт журналіста Рамана Пратасевіча і пачатак „фіктыўнага працэсу” супраць апазіцыйнага палітыка Марыі Калеснікавай.
„Менавіта кейс Крысціны Ціманоўскай засмучальным чынам прадэманстраваў, што ўсе беларусы могуць стаць мішэнню. Мы не можам вярнуцца да звычайнага парадку дня, калі парушаюцца вяршэнства закона і правы чалавека”, — сказаў Шалленберг. Паводле яго слоў, Аўстрыя з’яўляецца актыўным абаронцам беларускай грамадзянскай супольнасці, што, у прыватнасці, было прадэманстравана падчас красавіцкага візіту беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай у Вену.
БелаПАН