Кіраўнік МЗС Беларусі наведаў Германію
12—14 лютага міністр замежных спраў Уладзімір Макей наведаў Федэратыўную Рэспубліку Германія для ўдзелу ў 52-й Мюнхенскай канферэнцыі па пытаннях бяспекі.
„Падчас сустрэч кіраўніка знешнепалітычнага ведамства з федэральным міністрам замежных спраў ФРГ Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам, каардынатарам Федэральнага ўрада ФРГ па міжграмадскім супрацоўніцтве з Расіяй, краінамі Цэнтральнай Азіі і Усходняга партнёрства, спецыяльным упаўнаважаным па пытаннях старшынства Германіі ў АБСЕ ў 2016 годзе Гернатам Эрлерам, старшынёй Усходняга камітэта германскай эканомікі Вольфгангам Бюхеле разгледжаны перспектывы двухбаковага ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і Германіяй па шырокім коле пытанняў. З улікам старшынства ФРГ у АБСЕ ў 2016 годзе асобна суразмоўцы спыніліся на тэматыцы супрацоўніцтва ў гэтай арганізацыі”, — гаворыцца ў паведамленні.
У рамках канферэнцыі Макей правёў таксама перамовы з еўракамісарам па пытаннях пашырэння і еўрапейскай палітыкі суседства Йаханесам Ханам, міністрамі замежных спраў Люксембурга, Нідэрландаў, Нарвегіі, шэрагам іншых міністраў краін — членаў ЕС. Асноўны акцэнт у ходзе гутарак беларускі бок рабіў на неабходнасці аднаўлення паўнавартаснага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам, адзначае МЗС.
Стан і перспектывы развіцця двухбаковых палітычных і гандлёва-эканамічных адносін міністр замежных спраў Беларусі абмеркаваў з міністрамі замежных спраў Ганы, Грузіі, Ірана, міністрам абароны Пакістана, прадстаўнікамі кіраўніцтва Дзяржаўнага дэпартамента ЗША.
Генеральнаму дырэктару МАГАТЭ Юкіа Амана Уладзімір Макей падрабязна выклаў інфармацыю аб ходзе будаўніцтва Беларускай АЭС, падкрэсліўшы, што ў аснове гэтай працы ляжыць прынцып бяспекі будучай атамнай электрастанцыі.
Макей правёў таксама шэраг сустрэч з прадстаўнікамі еўрапейскіх дзелавых колаў, экспертамі ў галіне міжнародных адносін.