Кіраўнік МЗС Фінляндыі: Мы прадоўжым намаганні па выхадзе Беларусі з крызісу



„У Беларусі павінны паважацца правы чалавека, а апазіцыю неабходна прыцягнуць да сапраўднага дыялогу для выхаду з крызісу. Фінляндыя працягне падтрымліваць гэтыя намаганні, у прыватнасці ў АБСЕ”, — напісаў у „Твітэры” міністр замежных спраў Фінляндыі Пека Хаавіста па выніках сустрэчы са Святланай Ціханоўскай.

Дыскусію з экс-кандыдатам у прэзідэнты Беларусі Хаавіста назваў „цудоўнай”.

У рамках візіту ў Фінляндыю Ціханоўская сустрэлася таксама з прэзідэнтам Саўлі Ніінісцё, прэм’ер-міністрам Санай Марын, ганаровым прэзідэнтам ПА АБСЕ Ілкам Канервам, былым прэзідэнтам Тар’яй Халанен, прадстаўнікамі фінскага парламента.

Як паведаміла прэс-служба Ціханоўскай, яна заклікала Фінляндыю сачыць за справамі палітвязняў, рэпрэсіямі супраць страйкама „Беларуськалія”, распавяла аб апошніх прысудах журналісткам Кацярыне Барысевіч, Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовой, урачу Арцёму Сарокіну, аб судах над Віктарам Бабарыкам і Сяргеем Ціханоўскім.

Экс-кандыдат у прэзідэнты падзякавала МЗС Фінляндыі за падтрымку кампаніі па пераносе чэмпіянату свету па хакеі з Мінска і заклікала падтрымаць расследаванне датычнасці старшыні Федэрацыі хакея Беларусі Дзмітрыя Баскава да забойства Рамана Бандарэнкі, пачатае Міжнароднай федэрацыяй хакея. Ціханоўская прапанавала падтрымаць выключэнне Белтэлерадыёкампаніі з Еўрапейскага вяшчальнага саюза.

На перамовах з Санай Марын абмеркаваная падтрымка беларускіх палітвязняў і жаночага руху. Ціханоўская „прапанавала выказаць салідарнасць з Беларуссю 8 сакавіка і 25 сакавіка, перагледзець супрацоўніцтва з беларускімі дзяржаўнымі кампаніямі”.

На сустрэчы з Саўлі Ніінісцё яна „падзялілася сваім бачаннем правядзення новых сумленных і празрыстых выбараў, канстытуцыйнай рэформы, ролі Расеі і ЕЗ у вырашэнні беларускага крызісу”.

„Стварэнне дыялогавай пляцоўкі пры міжнароднай медыяцыі, а таксама магчымасці арганізацыі новых выбараў восенню 2021 у Беларусі” абмеркаваны на сустрэчах з Ілкам Канервам і дэпутатамі фінскага парламента.

Міністру замежных спраў Ціханоўская прапанавала разгледзець адкрыццё фінскага пасольства ў Менску пасля свабодных выбараў, распрацаваць доўгатэрміновы план двухбаковага супрацоўніцтва паміж Фінляндыяй і дэмакратычнай Беларуссю.

„Прадстаўнікі Фінляндыі заявілі, што падтрымаюць чацвёрты пакет санкцый ЕЗ, медыяцыю АБСЕ ў пытанні вырашэння палітычнага крызісу ў Беларусі, акажуць дапамогу незалежным СМІ і праваабаронцам, перагледзяць супрацоўніцтва з кампаніямі, якія падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі”, — адзначаецца ў паведамленні прэс-службы Ціханоўскай.

belapan.by