Кіраўнік МЗС ФРГ: Такое развіццё падзей азначае адкат назад
Дзеянні беларускіх уладаў у дачыненні да мірных грамадзян, якія паднялі свой голас па важных сацыяльных пытаннях, пасылаюць цяжкі сігнал, заявіў 28 сакавіка міністр замежных спраў Германіі Зігмар Габрыэль.
„Людзі, якія ў суботу і папярэднія тыдні выйшлі на вуліцы, скарысталіся неад’емным правам для плюралістычнага грамадства. Ужываць гвалт супраць гэтага непрапарцыйна — як і шматлікія арышты пратэстоўцаў і журналістаў”, — заявіў кіраўнік нямецкай дыпламатыі, словы якога прыводзіць прэс-служба МЗС ФРГ.
Як зазначыў Габрыэль, адкрытае грамадства мае на ўвазе разнастайнасць думак і дыялог у тым ліку па крытычных пытаннях. Кампетэнтныя органы, падкрэсліў ён, павінны не толькі паважаць права на мірныя дэманстрацыі і свабоду меркаванняў, але і забяспечыць грамадзянам магчымасць гэта права выкарыстоўваць.
Міністр выказаўся за неадкладнае вызваленне арыштаваных. „Нельга несправядліва арыштоўваць і выносіць прысуды толькі за тое, што грамадзяне выказваюць сваё меркаванне, — заявіў Габрыэль. — Мы хочам добрага і плённага ўзаемадзеяння на аснове агульных інтарэсаў і еўрапейскіх каштоўнасцяў. Але мы не можам хаваць, што такое развіццё падзей азначае адкат назад”.
Паводле даных беларускіх праваабаронцаў, з 3 па 28 сакавіка рэпрэсіі ў краіне зазналі 908 чалавек — удзельнікі акцый пратэсту, журналісты і выпадковыя прахожыя, якія апынуліся на месцы падзеяў.