Кіраўнік МЗС ФРГ: ЕЗ увядзе санкцыі супраць усіх, хто ўдзельнічае ў кантрабандзе мігрантаў
Міністр замежных спраў Германіі Хайка Маас 10 лістапада выступіў з заявай з нагоды міграцыйнага крызісу на польска-беларускай мяжы. Яна размешчаная на сайце знешнепалітычнага ведамства.
„Фотаздымкі і ўражанні, якія мы атрымліваем з беларускай памежнай зоны, жудасныя. Спадар Лукашэнка працягвае закручваць небяспечную спіраль эскалацыі, з якой для яго самога няма выйсця. Ён бесцырымонна выкарыстоўвае людзей, якія шукаюць прытулку, як закладнікаў у сваёй цынічнай дэманстрацыі сілы. Ён свядома аказвае націск на ўвесь ЕС і асобныя дзяржавы-члены, такія як Польшча і Літва, — і такім жа чынам свядома рызыкуе жыццём пацярпелых, якія для яго ўсяго толькі фігуры ў гульні”, — заявіў Маас.
„Але ЕС не паддасца шантажу, — падкрэсліў ён. — Захады, якія мы зрабілі за апошнія месяцы, выразна паказалі, што мы дзейнічаем рашуча супраць падступных і бесчалавечных паводзін спадара Лукашэнкі і яго саюзнікаў. Гэты шлях мы працягнем сумесна — паслядоўна і з усёй сілай”.
Паводле слоў Мааса, ЕЗ засяродзіцца на чатырох пунктах:
1. „Гуманітарнае забеспячэнне людзей. Мы нікога не пакінем у нястачы, гэта адносіцца да фундаментальных каштоўнасцяў кожнай еўрапейскай дзяржавы, і гэтых агульных каштоўнасцяў мы будзем прытрымлівацца і на знешняй мяжы ЕС. Розныя гуманітарныя арганізацыі гатовыя дапамагчы як у Беларусі, так і ў Польшчы”.
2. „Спыненне незаконнай кантрабанды. Ніхто не можа беспакарана ўдзельнічаць у бесчалавечнай дзейнасці Лукашэнкі. Гэта пасланне мы перадаем краінам паходжання [мігрантаў] і краінам, праз якія ажыццяўляецца [іх] трансфер, роўна як і авіякампаніям, з дапамогай якіх людзей перавозяць у Беларусь. І гэта пасланне ўспрымаецца, паколькі мы як ЕС гатовыя зрабіць пэўныя высновы”.
3. „Пашырэнне і ўзмацненне санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі. Мы ўвядзем санкцыі супраць усіх, хто ўдзельнічае ў мэтанакіраванай кантрабандзе мігрантаў. Лукашэнка павінен усвядоміць, што яго разлік не спрацуе. Пры гэтым у будучыні не выключаецца пашырэнне санкцый на іншыя галіны эканомікі”.
4. „Тлумачальная праца ў краінах паходжання [мігрантаў]. Мы павінны скончыць з хлуслівымі абяцаннямі, за якія ўцекачы плацяць тысячы долараў і пасля гэтага апынаюцца ў беларускіх лясах. І мы павінны тут бязлітасна казаць пра наступствы, якія цягнуць дзеянні Лукашэнкі для кожнага паасобку”.
Фота: aussiedlerbote.de