Кіраўнік МЗС ФРГ: Кожны дыктатар будзе плаціць горкую цану за такія дзеянні
„Дзеянне Лукашэнкі наўрад ці можна пераплюнуць па гнюснасці”, — заявіў міністр замежных спраў Германіі Хайка Маас, каментуючы вымушаную пасадку самалёта Ryanair у Менску 23 траўня і затрыманне на борце беларускага журналіста і актывіста Рамана Пратасевіча, якога мясцовыя ўлады лічаць датычным да тэрарыстычнай дзейнасці і абвясцілі ў міжнародны вышук.
„Больш за 170 пасажыраў зведалі небяспеку дзеля затрымання аднаго журналіста. Трайная атака: на бяспеку паветранага руху, свабоду прэсы і еўрапейскіх грамадзян на борце”, — лічыць кіраўнік нямецкай дыпламатыі.
Паводле яго слоў, любому дыктатару, якому прыходзяць на розум такія ідэі, павінна быць зразумела, што за гэта прыйдзецца заплаціць горкую цану. „Важна, што ЕЗ адрэагаваў хутка і жорстка. Меры, ухваленыя Еўрапейскім звязам, мы хутка і рашуча ўвядзем у дзеянне”, — падкрэсліў Маас, выказванні якога размешчаны ў яго твітэр-акаўнце.
Еўрапейскі савет на пасяджэнні ў Бруселі 24 траўня рэкамендаваў як можна хутчэй прыняць дадатковыя санкцыі ў дачыненні да беларускіх фізічных і юрыдычных асоб, заклікаў „прыняць далейшыя мэтанакіраваныя эканамічныя санкцыі”, прапанаваўшы вярхоўнаму прадстаўніку ЕЗ па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі і Еўракамісіі неадкладна прадставіць адпаведныя прапановы.
Акрамя таго, Еўразвяз заклікаў усіх авіяперавозчыкаў, якія базуюцца ў ЕЗ, пазбягаць палётаў над Беларуссю, адзначаецца ў дакуменце.
24 траўня Вялікабрытанія, Літва, Украіна, Францыя абвясцілі аб увядзенні забароны на палёты самалётаў „Белавія” ў/са сваіх краін. Увечары 25 траўня латвійская авіякампанія airBaltic паведаміла, што з 27 траўня да канца кастрычніка адмяняе рэйсы ў Менск (126 палётаў). Летам перавозчык планаваў лётаць у Менск да трох разоў у тыдзень. Таксама да канца кастрычніка airBaltic не будзе выкарыстоўваць беларускую паветраную прастору, гэта закране больш за 1.500 рэйсаў.