Кіраўнік МЗС Германіі пра сітуацыю ў Беларусі
Міністр замежных спраў Хайка Маас 26 жніўня выступіў з заявай у сувязі з цяперашнімі падзеямі ў Беларусі.
„Ва ўмовах штодзённага ўзмацнення рэпрэсій супраць мірных дэманстрантаў кіраўніцтва Менска становіцца ўсё больш маргінальным. Гэтыя смелыя грамадзяне выходзяць на вуліцы сваёй краіны супраць фальсіфікацыі выбараў і за сваё права на свабоду і дэмакратычны ўдзел. Яны просяць не больш, але і не менш, чым адкрыты дыялог са сваім урадам”, — адзначыў Маас.
Як падкрэсліў кіраўнік МЗС ФРГ, зусім недапушчальна, каб члены Каардынацыйнай рады зведвалі арышты, допыты і запалохванні. „Каардынацыйная рада неаднаразова заяўляла пра сваю мэту — працаваць у кірунку мірнага ўрэгулявання цяперашняга крызісу на аснове дзейнай Канстытуцыі і з улікам цесных адносін грамадзянскай супольнасці паміж Беларуссю і Расеяй”, — падкрэсліў кіраўнік нямецкай дыпламатыі.
„Спадар Лукашэнка не зможа пазбегнуць прызнання рэальнасці на вуліцах сваёй краіны і ў свядомасці сваіх суграмадзян”, — дапоўніў ён.
„На працягу наступных некалькіх дзён на сустрэчы міністраў замежных спраў Еўразвяза ў Берліне будзем абмяркоўваць, як ЕЗ адрэагуе на сітуацыю ў Беларусі. Мы не пакінем без адказу сур’ёзныя парушэнні правоў чалавека і фундаментальных дэмакратычных прынцыпаў”, — падкрэсліў міністр замежных спраў Германіі.