Кіраўнік МЗС Летувы: КДБ можа за тыдзень даставіць шэсць тысяч мігрантаў на мяжу



Міністр замежных спраў Летувы Габрыэлюс Ландсбергіс у лісце вярхоўнаму прадстаўніку Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэпу Барэлю заклікаў прыняць меры для аховы межаў ЕС ад штучна створанага патоку нелегальнай міграцыі і ад пагроз для саюза, якія ўзнікаюць.

Габрыэлюс Ландсбергіс

„Летува цяпер дорага плаціць за свае каштоўнасці. Рэакцыя на нашу дапамогу дэмакратычным сілам Беларусі — заахвочванне міграцыйных патокаў з Блізкага Усходу і краін Афрыкі”, — прыводзіць 23 жніўня delfi.lt словы летувіскага міністра.

Ландсбергіс лічыць, што не складана даказаць, хто і як гэта арганізуе: „КДБ Беларусі з дапамогай турфірм і авіяліній можа за тыдзень з Ірака і іншых краін цераз Стамбул даставіць больш за шэсць тысяч чалавек у Беларусь і прывезці іх да летувіскай мяжы, гэта значыць да знешняй мяжы ЕС”.

Ён мяркуе, што Еўрасаюз павінен узмацніць дзеянні ў адказ і метады рэагавання на аднаўленне патокоў мігрантаў ля знешніх межаў ЕС. На думку міністра, неабходныя „новая стратэгія і жорсткія дзеянні ў адказ” для перашкоды гібрыдным нападам, для якіх беларускі рэжым выкарыстоўвае нелегальную міграцыю і цывільную авіяцыю.

„Мы павінны прызнаць новую рэальнасць і рэагаваць неадкладна. Дзяржавы з недружалюбнымі намерамі заўсёды могуць спыніць ахоўваць свае межы ці нават актыўна заклікаць мігрантаў з малазабяспечаных краін прыбываць на межы ЕС”, — падкрэсліў Ландсбергіс.

Ён спадзяецца абмеркаваць „неабходныя скаардынаваныя дзеянні ЕС” у адказ на дзеянні Беларусі на сустрэчы міністраў замежных спраў краін Еўрапейскага саюза, якая пройдзе ў Славеніі 2 верасня.

Як паведамлялася, 2 ліпеня Летува абвясціла рэжым экстрэмальнай сітуацыі на мяжы ў сувязі з патокам нелегалаў з Беларусі. Такі рэжым аблегчыць прававое забеспячэнне неабходных дзеянняў і каардынацыю намаганняў органаў улады, прыцягненне дадатковых сіл, у тым ліку выкарыстанне сродкаў дзяржрэзерву, лічаць у МУС Летувы. Міністр унутраных спраў Агне Білатайце заявіла, што „супраць Летувы вядзецца гібрыдная вайна, а нелегальная міграцыя — адзін са сродкаў”.

БелаПАН