Кіраўнік МЗС Літвы: Астравецкая АЭС з’яўляецца крыніцай пагроз
Астравецкая АЭС з’яўляецца крыніцай пагроз навакольнаму асяроддзю і ядзернай бяспецы, а карысці ад праекта не існуе. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус падчас сустрэчы міжведамаснай рабочай групы па пытаннях ядзернай, радыяцыйнай і экалагічнай бяспекі атамных электрастанцый, якія будуюцца па суседстве з Літвой.
Як паведамляе прэс-служба МЗС Літвы, удзельнікі сустрэчы, якая адбылася 18 снежня, абмяняліся інфармацыяй па пытаннях бяспекі Астравецкай АЭС. Яны, у прыватнасці, абмеркавалі міжнародныя мерапрыемствы 2017 года, падчас якіх Літвой актыўна ставіліся пытанні бяспекі беларускай атамнай станцыі і „неаднаразова пацвярджалася, што Беларусь пры будаўніцтве Астравецкай АЭС парушае патрабаванні міжнародных канвенцый”.
„Беларусі такая колькасць электраэнергіі не трэба, а знешніх рынкаў няма. Аналіз патэнцыйнай небяспекі выяўляе той факт, што гэты праект абгрунтаваны не эканамічнай логікай, а палітычным разлікам”, — сказаў Лінкявічус.
Як нагадвае прэс-служба МЗС Літвы, у 2017 годзе адбыліся чатыры „вельмі важныя міжнародныя мерапрыемствы”, падчас якіх Літва актыўна падымала праблему Астравецкай АЭС: аглядная сустрэча Канвенцыі па ядзернай бяспецы, сустрэчы краін — членаў канвенцыі Эспа і Орхускай канвенцыі, а таксама генеральная канферэнцыя Міжнароднага агенцтва па атамнай энергетыцы (МАГАТЭ).
Чэрвеньская сустрэча ў Менску бакоў Канвенцыі Эспа ААН (з нагоды ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе) пакінула ў сіле рашэнне 2014 года, якім прызнана, што Беларусь будуе АЭС, парушаючы патрабаванні Канвенцыі Эспа, гаворыцца ў паведамленні. На сустрэчы ў Чарнагорыі бакоў Орхускай канвенцыі ААН (з нагоды інфармавання грамадскасці і яе ўдзелу ў працэсе прыняцця рашэнняў) таксама было прызнана, што Беларусь у ходзе распрацоўкі праекта АЭС парушыла права грамадскасці на атрыманне інфармацыі і ўдзел у прыняцці рашэнняў у галіне аховы навакольнага асяроддзя. „Гэта ўжо трэці раз, калі канстатуецца факт невыканання Беларуссю міжнародных абавязацельстваў у рамках Орхускай канвенцыі”, — падкрэсліваецца ў паведамленні прэс-службы МЗС Літвы.
Знешнепалітычнае ведамства таксама зазначае, што на міжнароднай арэне Літва пастаянна „выказвае заклапочанасць з нагоды маніпулявання міжнароднымі інструментамі ядзернай бяспекі і выбарачным прымяненнем стандартаў бяспекі ў ходзе развіцця праекта Астравецкай АЭС з боку Беларусі”. „Найважнейшыя для Літвы пытанні — выбар Астравецкай пляцоўкі для будаўніцтва АЭС і магчымае негатыўнае ўздзеянне на навакольнае асяроддзе і насельніцтва Літвы — не разглядаліся ні місіяй МАГАТЭ SEED, ні ў ходзе правядзення ЕЗ стрэсавых тэстаў, таму пазіцыя Літвы застаецца нязменнай: спыненне будаўніцтва Астравецкай атамнай электрастанцыі і грунтоўны перагляд праекта з удзелам міжнародных экспертаў”, — заяўляе прэс-служба МЗС Літвы.
У знешнепалітычным ведамстве падкрэслілі, што рабочая група, у склад якой уваходзяць у тым ліку намеснікі міністраў навакольнага асяроддзя і энергетыкі, каардынуе дзеянні літоўскіх устаноў, накіраваныя на тое, каб па суседстве з Літвой не было небяспечных аб’ектаў ядзернай энергетыкі.