Кіраўнік МЗС Літвы: Беларусь блізкая да паглынання Расеяй



Беларусь блізкая да таго, каб быць паглынутай Расеяй, лічыць міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс. Такое меркаванне ён выказаў у сваёй калонцы ў брусельскім выданні EUobserver.

„Прыйшоў час спытаць сябе: што будзе, калі Лукашэнка падпіша з Пуціным пагадненне аб стварэнні агульнай дзяржавы? Ці не варта нам называць гэта анексіяй, як з Крымам? Калі так, Беларусь павінна стаць абсалютна забароненай зонай для заходняга бізнесу, як і Крым сёння”, — адзначыў Ландсбергіс.

Разважаючы пра рэакцыю на пазапланавую пасадку самалёта Ryanair у Мінску, ён падкрэсліў, што Еўропа хутка і аднагалосна прыняла пастанову аб крызісным адказе і санкцыях у дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі. Аднак, дадаў Ландсбергіс, ёсць небяспека „у самазаспакоенасці”, калі „мы віншуем сябе з выдатнай працай”. „Давайце зробім крок назад і прааналізуем больш шырокую перспектыву: што тут адбываецца? — піша кіраўнік МЗС Літвы. — Дагэтуль узбраенне грамадзянскіх інстытутаў, такіх як кіраванне палётамі, не разглядалася. Цяпер разглядаецца. Што далей?”

На думку Ландсбергіса, Беларусь пры Лукашэнку „ўсё больш нагадвае Паўночную Карэю сваім спалучэннем капрызнай непрадказальнасці і нястрымнай агрэсіі, спароджанай паранойяй”.

Пры гэтым палітык задаўся пытаннем, ці мае дачыненне да інцыдэнту з самалётам толькі Лукашэнка, і падкрэсліў, што расследаванне працягваецца і інфармацыі аб уцягнутых асобах дагэтуль недастаткова. „Аднак ясна адно — Расея ведала пра гэта, яе рэакцыя была гатовая і выйшла да таго, як заходні шок дасягнуў Twitter”, — адзначыў ён.

„Больш за тое, як і ў старыя савецкія часы, Лукашэнка тут жа паляцеў дакладваць свайму расейскаму заступніку, — дадаў Ландсбергіс. — Пасля ўкрадзеных леташніх выбараў Расея была ўцягнутая ў справы Беларусі больш, чым калі-небудзь, з дапамогай палітычных кансультантаў, вайсковых дарадцаў і прапагандысцкай дапамогі”.

Міністр задаецца пытаннем, якая канчатковая мэта Расеі, „акрамя забеспячэння ўласнага выжывання”. Ён мяркуе, што экспарт нестабільнасці праз мяжу быў характэрны для Расеі два апошнія дзесяцігоддзі, але гэты інструмент становіцца ўсё больш дарагім.

„Тое, што мы бачым цяпер, — гэта спроба Пуціна выправіць „самую вялікую геапалітычную памылку ХХ стагоддзя” — распад Савецкага Саюза”, — мяркуе палітык.

На думку Ландсбергіса, Еўропа вельмі патрэбная Беларусі і ЕЗ неабходна максімізаваць націск на Лукашэнку, каб „дапамагчы беларускаму народу правесці свабодныя выбары, якіх ён заслугоўвае”.

belapan.by

Фота: ЕРА