Кіраўнік МЗС Літвы наведае Беларусь 3 лютага



Міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус наведае Беларусь 3 лютага.

Гэта пацвердзіў БелаПАН намеснік начальніка ўпраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі беларускага МЗС Андрэй Шупляк. Парадак дня візіту беларускае знешнепалітычнае ведамства пакуль не раскрывае, аднак на мінулым тыдні балтыйскае інфармагенцтва BNS паведаміла, што кіраўнік МЗС Літвы падчас візіту ў Мінск можа прапанаваць Беларусі альтэрнатыву імпарту нафты і газу.

„Мы зацікаўленыя ў тым, каб Беларусь дыверсіфікавала крыніцы паставак энерганосьбітаў, і адзін з такіх прыкладаў — выкарыстанне Клайпедскага порта і Літоўскіх чыгунак. Калі будзе цікавасць, то можна будзе таксама разгледзець і пытанні паставак газу”, — цытуе Лінкявічуса інфармагенцтва.

Акрамя перамоў з уладамі Беларусі кіраўнік МЗС Літвы таксама мае намер пагутарыць з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, паведаміў БелаПАН дырэктар цэнтра даследаванняў і прагнозаў развіцця „Еўрапейскі дыялог”, экс-старшыня Аб`яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, які запрошаны на гэтую сустрэчу.

 Фото: fbnews.com.ua