Кіраўнік МЗС Літвы пракаментаваў ліст беларускіх апазіцыянераў прэзідэнту Наўседу



Літоўскі міністр замежных спраў Лінас Лінкявічус пракаментаваў ліст беларускіх апазіцыянераў, накіраваны абранаму прэзідэнту Літвы Гітанасу Наўседу.

Пра гэта паведамляе Delfi.

Выступаючы перад журналістамі ў Вільні, Лінкявічус адзначыў, што ў адносінах з Беларуссю ў Літвы „няма якіх-небудзь ілюзій”.

„Ні для каго не сакрэт: мы дапамагаем апазіцыі, усё робіцца. Але ў нас ёсць адносіны з дзяржавай, якая з’яўляецца нашым суседам, з якім у нас адна з самых працяглых межаў, знешняя мяжа ЕС, з якім вядзецца гандаль, ідзе экспарт іх тавараў праз наш порт. Так што трэба бачыць не толькі [Беларускую атамную] электрастанцыю, трэба бачыць у цэлым”, — сказаў ён.

Як паведамляў БелаПАН, чатыры лідары беларускай апазіцыі — Станіслаў Шушкевіч, Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў і Павел Севярынец — накіравалі адкрыты ліст абранаму прэзідэнту Літвы Гітанасу Наўседу, у якім перасцераглі яго ад супрацоўніцтва з рэжымам Лукашэнкі. Ліст быў падрыхтаваны 13 чэрвеня па ініцыятыве Статкевіча і Някляева.

Аўтары разлічваюць, што Літва працягне прынцыпова абараняць чалавечыя каштоўнасці і дэмакратычныя свабоды, не засяроджваючыся „выключна на эканамічных, прагматычных падыходах”, паколькі „любыя кароткатэрміновыя выгады ад супрацоўніцтва з рэжымам, для якога не існуе правоў чалавека, <…> могуць абярнуцца стратамі міжнароднага аўтарытэту” для Літвы і Наўседы асабіста.

Незалежны кандыдат Гітанас Наўседа выйграў другі тур прэзідэнцкіх выбараў у Літве 26 мая. Яго інаўгурацыя адбудзецца 12 ліпеня.

Беларуская АЭС узводзіцца паблізу Астраўца за кошт крэдыту Расіі па тыпавым расійскім праекце ВВЭР-1200. Крэдытная лінія да 10 млрд долараў на будаўніцтва станцыі адкрытая да 2035 года. Фізічны пуск першага энергаблока БелАЭС, на этапе якога ў рэактар загрузяць ядзернае паліва, павінен адбыцца ўвосень, другога, паводле дакументаў „Расатама”, — да канца гэтага года. Увод у эксплуатацыю першага энергаблока БелАЭС запланаваны на снежань 2019 года, другога — на ліпень 2020-га. Мяркуецца, што атамная станцыя будзе выпрацоўваць 18 млрд кВт·гадз электраэнергіі штогод.

Літва з’яўляецца самым актыўным крытыкам БелАЭС. У Вільні перакананыя, што будаўніцтва АЭС вядзецца без выканання патрабаванняў бяспекі і экалагічных стандартаў. Беларусь гэтыя прэтэнзіі адхіляе. 15 чэрвеня 2017 года літоўскі сейм прыняў закон, якім прызнаецца, што АЭС, якая будуецца ў Беларусі, уяўляе пагрозу для літоўскай нацыянальнай бяспекі, навакольнага асяроддзя і грамадскага здароўя. Раней парламент Літвы прыняў закон, закліканы абмежаваць імпарт электраэнергіі з Беларусі і Расіі.

belapan.by

Фота Delfi