Кіраўнік МЗС Літвы: Санкцыі санкцыямі, але патрэбнае міжнароднае расследаванне



Акрамя ўвядзення санкцый патрэбнае міжнароднае расследаванне ў дачыненні да асоб, якія дапусцілі гвалт у Беларусі. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус 2 кастрычніка ў інтэрв’ю парталу Delfi.

„Мы тут з вамі дыскутуем, а людзі сядзяць у турме, і ў дачыненні да іх прымяняецца гвалт. Мы атрымліваем цяпер столькі інфармацыі, што нават калі маленькая яе частка — праўда, гэта ўжо занадта шмат. Санкцыі санкцыямі, але трэба міжнароднае расследаванне правесці, павінны быць заведзеныя справы ў дачыненні да тых, хто дапусціў гвалт супраць суграмадзян. У цэнтры Еўропы ў ХХІ стагоддзі гэта не можа застацца не расследаваным”, — падкрэсліў Лінкявічус.

„Я здзіўлены, наколькі смелыя людзі ў Беларусі, нягледзячы на ўсе рэпрэсіі. Напэўна, і хочуць іх справакаваць, але беларусы паводзяць сябе паказальна мірна. Мы памятаем здымак, на якім перад тым, як стаць на лаўку на вуліцы, здымаюць абутак. Усё выключна мірна. І супраць іх накіроўваць АМАП з шумавымі гранатамі, газам і так здзекавацца — цяжка гэта зразумець. Так што тыя, хто стаў на бок былога прэзідэнта, — былога і ў маральным плане, і ў палітычным, — яны зрабілі выбар. Я вельмі шкадую. Мне шкада іх”, — сказаў кіраўнік МЗС Літвы.

Паводле яго слоў, санкцыі ў дачыненні да беларускіх афіцыйных асоб важныя, але гэта толькі частка неабходных дзеянняў. „Трэба дапамагчы тым, хто пацярпеў і хто і цяпер працягвае пакутаваць фізічна, эканамічна. Наступствы цяжкія, і нам трэба знайсці спосаб, як дапамагчы гэтым людзям. Над гэтым таксама трэба працаваць, і мы працуем”, — падкрэсліў Лінкявічус.

На пытанне, як цяпер у афіцыйных літоўскіх дакументах будзе вызначацца Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік МЗС адказаў, што „ніяк”. „Няма дакументаў, якія накіроўваюцца ў яго адрас. Гэта былое кіраўніцтва. Спачатку яны вычарпалі свой мандат у маральна-палітычным плане. Потым пасля інаўгурацыі яны ўжо і ў юрыдычным плане сталі былымі. Так што з усімі наступствамі. Калі цяпер нешта з’явіцца ад імя прэзідэнта — як ён сябе называе, — гэта не будзе ніяк разглядацца. Не толькі лісты. Я маю на ўвазе, калі будуць накіраваныя паслы з новымі даверчымі граматамі. Ці, скажам, калі ён падпіша нейкі міжнародны дакумент. З той жа Расіяй. Гэта не будзе мець ніякай юрыдычнай сілы”, — адзначыў Лінкявічус.

Ён таксама заявіў, што санкцыі ў адказ з боку ўладаў Беларусі для Літвы бязбольныя. „Яны проста спрабуюць стварыць уражанне, што таксама дзейнічаюць актыўна, люстрана, пры гэтым ніяк не мяняюць сваю палітыку. Яны хочуць прадэманстраваць паслядоўнасць, але гэта не мяняе нашу пазіцыю і ацэнку сітуацыі Еўрасаюзам, і наогул міжнароднай супольнасцю. На жаль, беларускія ўлады нічога не мяняюць, а значыць, трэба яшчэ больш рабіць упор, каб было адзінства, каб усе зразумелі, што наша пазіцыя непахісная. Над гэтым трэба працаваць”, — сказаў кіраўнік МЗС Літвы.

belapan.by

Фота: belnaviny.by