Кіраўнік МЗС Літвы: Тэма Беларускай АЭС вельмі балючая
Тэма Беларускай АЭС „вельмі балючая”, таму што занадта шмат пастаўлена на карту, заявіў БелаПАН міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус.
„Гэтаму вельмі простая ёсць прычына — гэта не проста яшчэ адна нейкая будоўля, а вельмі, скажам так, адчувальны аб’ект за 50 км ад нашай сталіцы, — падкрэсліў ён. — Мы былі не рады гэтаму з самага пачатку, шмат разоў пра гэта казалі. Міжнародныя інстытуты, такія як камітэт Эспаа і іншыя, неаднаразова звярталі ўвагу на парушэнні нормаў пры будаўніцтве. Але, на жаль, з боку Беларусі мы ўвесь час бачым паслядоўнае адмаўленне ўсяго гэтага”.
У прыватнасці, Беларусь лічыць, што партнёрская праверка вынікаў стрэс-тэстаў БелАЭС камандай экспертаў Еўрапейскай групы па рэгуляванні ядзернай бяспекі (ENSREG) была станоўчай, а заўвагі камітэта Эспаа не маюць пад сабой падстаў. Літва з такой пазіцыяй Беларусі не згодна.
„Калі па такім шляху дыялог будзе працягвацца, то мы тут не бачым ніякай магчымасці адступаць, занадта шмат пастаўлена на карту”, — сказаў Лінкявічус.
Адказваючы на пытанне БелаПАН, ці сапраўды з-за пазіцыі Літвы па Беларускай АЭС застопарыўся працэс перамоў па прыярытэтах партнёрства паміж ЕЗ і Беларуссю, дыпламат сказаў: „Я не буду спецыфічна ацэньваць, якая пазіцыя перашкаджае, у нас не прынята выдаваць ход дыпламатычных перамоў. Але па гэтым дакуменце кансэнсусу пакуль няма. І я не чуў, каб былі нейкія зрухі ў гэтай галіне”.
belapan.by