Кіраўнік МЗС Нарвегіі заклікала ўлады Беларусі выканаць рэкамендацыі даклада АБСЕ



Выканаць рэкамендацыі даклада, падрыхтаванага ў межах Маскоўскага механізма АБСЕ, заклікала  ўлады Беларусі міністр замежных спраў Нарвегіі Іне Эрыксен Сёрэйдэ.

„Мы асуджаем парушэнні правоў чалавека, задакументаваныя ў дакладзе Маскоўскага механізма, і заклікаем улады Беларусі прытрымлівацца рэкамендацый гэтага даклада. Яны павінны абвясціць новыя выбары, спыніць гвалт, катаванні і арышты мірных дэманстрантаў, забяспечыць свабоду прэсы і пакараць вінаватых у злоўжываннях”, — заявіла Сёрэйдэ.

Нарвегія — адна з 17 краін, якія ініцыявалі запуск Маскоўскага механізма. У яго межах прафесар міжнароднага права Універсітэта Граца (Аўстрыя) Вольфганг Бенедэк падрыхтаваў даклад аб парушэннях правоў чалавека ў Беларусі падчас і пасля жнівеньскіх прэзідэнцкіх выбараў. Сярод рэкамендацый уладам: скасаваць вынікі выбараў з прычыны парушэнняў на ўсіх этапах працэсу і арганізаваць новыя свабодныя выбары на аснове міжнародных стандартаў, запрасіўшы назіральнікаў БДІПЧ АБСЕ; прывесці выбарчае заканадаўства ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі; неадкладна спыніць любы гвалт у дачыненні да мірных пратэстоўцаў; неадкладна і безумоўна вызваліць усіх зняволеных, якія ўтрымліваюцца па палітычных матывах, устрымлівацца ад судовых пераследаў і рэпрэсій; арганізаваць бяспеку журналістаў і стварыць спрыяльныя ўмовы для працы СМІ; устрымлівацца ад умяшання ў доступ да інтэрнэту, спыніць цэнзуру і блакаванне сайтаў; забяспечыць незалежнае і бесстаронняе расследаванне ўсіх выпадкаў катаванняў, жорсткага абыходжання, гвалту ў дачыненні да затрыманых з боку сілавых структур.

belapan.by