Кіраўнік МЗС Польшчы: „Белсат” у цяперашнім выглядзе знікне
Рашэнне пра лёс тэлеканала „Белсат” павінна быць прынятае найбліжэйшымі днямі, заявіў міністр замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі ў інтэрв’ю выданню wPolityce.pl.
„Таму што са студзеня мы павінны вырашыцца на нешта новае, — растлумачыў ён. — Калі мы атрымаем пацвярджэнне ад беларускага боку, што яны будуць трансляваць TVP Polonia на значнай тэрыторыі краіны, то гэта вельмі прывабная прапанова. У нас таксама ў планах запуск англамоўнага канала перадачы інфармацыі з Цэнтральнай і Усходняй Еўропы”.
Міністр запэўніў, што „беларуская рэдакцыя „Белсата” не будзе закрытая, а яго дырэктару Агнешцы Рамашэўскай прапанаваная праца ў TVP Polonia на высокай пасадзе”. „Журналісты беларускай рэдакцыі атрымаюць магчымасць далейшай працы. Змогуць працягнуць працу над парталам і ствараць матэрыялы для TVP Polonia”, — сказаў Вашчыкоўскі.
Паводле яго слоў, праца „Белсата” ў ранейшым фармаце „выклікае сур’ёзныя сумненні”. „Канал не з’яўляецца настолькі прывабным, якім павінен быў быць”, — адзначыў міністр. Паводле яго слоў, з кіраўніцтвам TVP Polonia абмяркоўвалася стварэнне тэлеканала, які уключаў бы і забаўляльныя, і публіцыстычныя праграмы, „які быў бы сучасным тэлеканалам для палякаў, што размаўляюць па-руску, і тых, хто хоча вывучаць польскую мову”.
„Узнікла ідэя зліцця замежных рэдакцый у новую TVP Polonia. Мы хочам, каб гэтае тэлебачанне таксама прымалі і ў Беларусі, дзе жывуць палякі”, — сказаў ён. Пры гэтым міністр дадаў, што беларускі бок выказаў гатоўнасць ўключыць у свае тэлевізійныя сеткі тэлеканал TVP Poloniа, каб яго маглі глядзець па ўсёй краіне. „Мы вырашылі, што варта стварыць адзін польскі тэлеканал для замежжа, у межах якога будуць існаваць розныя рэдакцыі, якія працуюць таксама на замежных мовах”, — паведаміў Вашчыкоўскі.
Адказваючы на рэпліку аб тым, што тэлеканал „Белсат” выходзіць на беларускай мове і гэта важна, у прыватнасці, для беларускай апазіцыі, міністр заявіў: „На жаль, гэта значэння не мае. „Белсат” не дапушчаны да агульнанацыянальнага прыёму”. Ён падкрэсліў, што аўдыторыя тэлеканала вельмі абмежаваная. Пры тым што „Белсат” транслюецца ўжо больш за 10 гадоў, „яго ўплыў на рэальнасць сціплы”. „Альтэрнатывай з’яўляецца, безумоўна, тое, што прапануюць беларусы, — дазволіць ім перадаваць TVP Polonia на ўсю тэрыторыю Беларусі”, — лічыць Вашчыкоўскі. Гэта, паводле яго слоў, дасць магчымасць глядзець TVP Polonia не толькі сотням тысяч палякаў у краіне. „Беларускае грамадства бачыла б, як выглядае жыццё ў суседняй краіне. Гэта было б таксама палітычнай альтэрнатывай”, — адзначыў ён.
Рэагуючы на заўвагу журналіста, што „Белсат” з’яўляецца „наўпрост апазіцыйным ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі, а TVP Polonia такой, напэўна, ужо быць не можа”, міністр заявіў: „Але карцінка вартая тысячы слоў. І таму важна паказаць беларусам, як Польшча выглядае пасля 27 гадоў трансфармацыі. Яны глядзяць на Польшчу, як пры камунізме мы глядзелі на Захад. Зараз мы працуем над новай канцэпцыяй”.