Кіраўнік МЗС Польшчы: Наш маральны абавязак — падтрымаць беларусаў у іх змаганні за свабоду
Еўразвяз павінен падтрымаць беларусаў, якія адстойваюць сваё асноватворнае права на свабодныя і сумленныя выбары, заявіў міністр замежных спраў Польшчы Збігнеў Рау, выступаючы 2 снежня на Мінскім форуме.
„XXI стагоддзе прынесла больш хаосу, чым спакою, і, на жаль, Беларусь не выключэнне, — сказаў Рау. — Цяперашні палітычны крызіс у краіне пачаўся пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка абвясціў пра перамогу на выбарах 80% галасоў і атрыманне права на шосты прэзідэнцкі тэрмін. Гэта выклікала рэзкую незадаволенасць у беларускім грамадстве”. Паводле яго слоў, паўстала незадаволенасць ва ўсіх слаях грамадства.
„Мы бачым рашучасць людзей, іх упартасць, гатоўнасць заплаціць самую высокую цану — прынесці ў ахвяру ўласнае жыццё”, — падкрэсліў міністр. Ён успомніў аб ахвярах апошніх, у прыватнасці аб Рамане Бандарэнку, які „загінуў, таму што марыў аб свабоднай, дэмакратычнай Беларусі”.
„Што гэта значыць для нас, прадстаўнікоў ЕЗ? — сказаў Рау. — Свабодны свет не можа прыняць вынікі несправядлівых выбараў, заставацца абыякавым, калі жорстка абыходзяцца з грамадзянамі. Мы можам падтрымаць беларускае грамадства ў яго рашучасці змагацца за свабоды і правы. Наш маральны абавязак — падтрымаць спадзяванні беларусаў. Але ёсць адна агаворка, якую я хацеў бы зрабіць: толькі беларусам вырашаць, якую будучыню яны хочуць пабудаваць. Умяшанне трэціх бакоў непрымальнае і недапушчальнае. Мірны пераход да сучаснай дэмакратычнай дзяржавы магчымы толькі ў рамках узгодненага працэсу і пры ўдзеле прадстаўнікоў апазіцыі”.
Ён падкрэсліў неабходнасць удзелу ў дыялогу ўсіх, у тым ліку тых, хто знаходзіцца ў выгнанні ў Літве, ва Украіне, у Германіі, Польшчы.
„Заклікаем Лукашэнку пачаць усёахопны нацыянальны дыялог, — сказаў міністр. — Прэзідэнцкія выбары павінны быць праведзеныя яшчэ раз. Народ Беларусі павінен атрымаць магчымасць зрабіць свой выбар, вырашыць, з кім і як ён хоча будаваць новую краіну”.