Кіраўнік МЗС Польшчы сустрэўся з беларусамі Варшавы



На сустрэчы ў Варшаве з міністрам замежных спраў Польшчы Вітальдам Вашчыкоўскім адбыліся кансультацыі паміж дыпламатам і прадстаўнікамі беларускіх незалежных СМІ і беларускага асяроддзя напярэдадні візіта ў Менск.

Як распавёў удзельнік сустрэчы, рэдактар ​​тэлеканала „Белсат” Сяргей Пеляса, абмяркоўваліся польска-беларускія дачыненні:

– Тайная, сакрэтная – там нічога мы не запісвалі. Агульна магу сказаць толькі пару сказаў, што гэта была форма кансультацыі міністра замежных спраў перад паездкай, візітам у Беларусь, якая адбудзецца на наступным тыдні. Ён кансультаваў сваю пазіцыю па сітуацыі ў Беларусі з прадстаўнікамі беларускіх эміграцыйных арганізацыяў і медыяў у Польшчы.

Як падкрэсліў Сяргей Пеляса, міністр замежных спраў Польшчы ў чарговы раз запэўніў у тым, што беларускія незалежныя СМІ будуць мець далейшую падтрымку:

– Атмасфера была вельмі прыязная, цёплая, дыскусія была адкрытая. Цешыць, што міністэрства такую ўвагу надае беларускім медыям, беларускім няўрадавым арганізацыям у Польшчы. Прагучала выразнае меркаванне міністра пра тое, што надалей будзе працягвацца падтрымка незалежных медыяў.  

Міністра цікавіла меркаванне ўдзельнікаў пра эканамічную і палітычную сітуацыю ў Беларусі, а таксама становішча беларускіх незалежных медыя. Па выніках сустрэчы чакаецца афіцыйная справаздача Міністэрства замежных спраў Польшчы.

Як вядома, кіраўнік польскай дыпламатыі Вітальд Вашчыкоўскі мае намер наведаць Менск з візітам 21 і 22 сакавіка.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя