Кіраўнік МЗС РФ зноў усклаў на краіны Захаду адказнасць за міграцыйны крызіс
Міністр замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў чарговым разам усклаў на заходнія дзяржавы адказнасць за міграцыйны крызіс на мяжы краін Еўразвязу з Беларуссю. На гэту тэму чыноўнік выказаўся 9 лістапада ў Маскве на сумеснай прэс-канферэнцыі з сакратаром па адносінах Святога пасада з дзяржавамі арцыбіскупам Полам Рычардам Галахерам.
„Я лічу, што вырашэнне гэтых праблем павінна заключацца ў поўнай павазе прынцыпаў міжнароднага гуманітарнага права і, вядома ж, у тым, каб не забываць, адкуль ногі растуць, як у нас кажуць, — заявіў кіраўнік расейскага знешнепалітычнага ведамства. — А ногі растуць з той палітыкі, якую заходнія краіны, уключаючы краіны НАТА і Еўразвязу, праводзілі многія гады ў дачыненні да Блізкага Усходу і поўначы Афрыкі, спрабуючы навязаць ім лепшае жыццё паводле заходніх узораў, дэмакратыю ў тым выглядзе, у якім яе Захад тлумачыў і агрэсіўна спрабаваў насаджаць ва ўсім свеце, а калі сустракаў больш-менш сур’ёзны супраціў, пускаўся ў ваенныя авантуры. Так быў разбомблены Ірак — пад ілжывай падставай, так была разбураная дзяржаўнасць у Лівіі, так ажыццявіліся напады на Сірыйскую Арабскую Рэспубліку”.
„Усе гэтыя і іншыя авантуры нашых заходніх калегаў выклікалі беспрэцэдэнтныя патокі бежанцаў. Трэба проста пры ўсіх кроках, якія цяпер робяцца і абмяркоўваюцца, не забываць, адкуль усё гэта пачалося і па чыёй віне ўсё гэта адбываецца цяпер. Таму галоўная адказнасць за ўрэгуляванне крызісу з мігрантамі, вядома ж, ляжыць на тых, хто стварыў умовы для таго, каб гэты крызіс разгарэўся. Ну а другі аргумент заключаецца ў неабходнасці пазбягаць падвойных падыходаў. < … > Нельга ўжываць розныя падыходы і розныя стандарты, скажам, да Італіі і Польшчы, калі ў Бруселі разглядаецца, як Варшава і Рым паводзяць сябе ў адносінах да патокаў мігрантаў, якія накіроўваюцца ў гэтыя краіны”, — заклікаў Лаўроў.
Паводле яго слоў, калі з Турцыі ішлі бежанцы ў Еўразвяз, ЕЗ выдзеліў сродкі, каб яны заставаліся на турэцкай тэрыторыі. „Чаму нельга дапамагаць гэтак жа беларусам, у якіх ёсць пэўныя патрэбы ў тым, каб уцекачы, якіх Польшча і Літва ніяк не хочуць пускаць на сваю тэрыторыю, неяк жылі ў нармальных умовах? — задаўся пытаннем чыноўнік. — З іншага боку, трэба, напэўна, паважаючы міжнароднае гуманітарнае права, разумець, што гэта прадугледжвае і павагу людзей, якія сталі бежанцамі — па віне Захаду перш за ўсё, які развязаў агрэсіўныя войны на Блізкім Усходзе і поўначы Афрыкі”.
„Калі гэтыя людзі не хочуць заставацца ў Беларусі, Турцыі, калі яны хочуць у тую самую Еўропу, якая доўгія гады рэкламавала, прапагандавала свой лад жыцця, то трэба ўсё ж адказваць за свае словы і ўчынкі”, — мяркуе кіраўнік МЗС РФ.
Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕЗ пачаўся вясной 2021 года. Спачатку шматразовае павелічэнне колькасці нелегальных мігрантаў адчула на сабе Літва. Пасля таго як Вільнюс прыняў рашэнне не затрымліваць мігрантаў, а разварочваць іх назад у Беларусь, патокі нелегалаў пераарыентаваліся на Польшчу.
Колькасць мігрантаў з боку Беларусі, якіх да гэтага моманту не ўпусціла на сваю тэрыторыю Латвія, перавышае 2 тыс., Літва — 6 тыс., Польшча — каля 31,5 тыс.
8 лістапада ў раёне пункта пропуску „Кузніца Беластоцкая” (з беларускага боку — „Брузгі”) была здзейсненая спроба масавага пранікнення на тэрыторыю Польшчы нелегальных мігрантаў, як мяркуецца, з Іракскага Курдыстана, цераз загароду з калючага дроту. На ноч мігранты разбілі лагер уздоўж лініі мяжы з беларускага боку. Паводле наяўнай інфармацыі, яны працягваюць заставацца на мяжы.