Кіраўнік МЗС Швецыі асудзіла „чарговы дзень жорсткага гвалту” ў Беларусі



Міністр замежных спраў Швецыі Ан Ліндэ адрэагавала на масавыя затрыманні ўдзельнікаў нядзельных мірных акцый пратэсту ў Менску і іншых гарадах Беларусі.

„Чарговы дзень жорсткага гвалту ў Мінску і паведамленні аб арышце 700 чалавек. Швецыя і Еўрасаюз працягваюць падтрымліваць народ Беларусі, які праявіў незвычайную мужнасць з моманту пачатку пратэстаў 99 дзён таму. Мы рашуча асуджаем гвалт. Санкцыі ЕС прыцягваюць вінаватых у гэтым да адказнасці”, — напісала кіраўнік шведскай дыпламатыі на сваёй старонцы ў „Твітэры”.

Паводле звестак праваабаронцаў на 4.50 16 лістапада, затрымалі не менш як 1.127 чалавек. Валанцёрскі тэлеграм-канал „Спісы затрыманых” прыводзіць лічбу 1.393.

Сярод затрыманых — 24 журналісты, з іх адпусцілі шэсць (Юрыя Шамшура з расійскага інфармагенцтва ТАСС, Таццяну Ільясаву з МІА Россия сегодня, Святлану Саўко з інфармагенцтва Интерфакс-Запад, Андрэя Пакумейку з дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА, Алеся Пілецкага з tut.by і „Народнай Волі”, фатографа-фрылансара Яўгена Атцецкага). Інфармацыя пра вызваленне фатографа сайта nashaniva.by Шуры Піліповіч-Сушчыц апынулася непраўдзівай. У спісе Беларускай асацыяцыі журналістаў памылкова фігуруе аглядальнік спартовай газеты „Прессбол” Вячаслаў Федарэнкаў: ён не затрымліваўся.

belapan.by