Кіраўнік МЗС Украіны: Люблінскі трыкутнік для Беларусі — рэальная альтэрнатыва на будучыню
„Рэальнай альтэрнатывай на будучыню” для Беларусі назваў Люблінскі трыкутнік міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба 28 ліпеня на брыфінгу, прысвечаным першай гадавіне стварэння гэтага міждзяржаўнага аб’яднання, куды ўвайшлі Украіна, Літва і Польшча.
На думку Кулебы, Люблінскі трыкутнік стварае „рэальную альтэрнатыву” так званаму рускаму свету ў гэтай частцы Еўропы. „Украіна, Польшча і Літва ўжо ніколі не вернуцца ў расійскую сферу ўплыву, а вось для Беларусі Люблінскі трыкутнік — рэальная альтэрнатыва на будучыню, і мы будзем дапамагаць беларускаму народу пабудаваць справядлівую дзяржаву, у якой будзе еўрапейская будучыня і ў якой падзяляюцца, абараняюцца правы чалавека. Калі Беларусь стане на дэмакратычны, еўрапейскі шлях развіцця, мы, Украіна, Польшча і Літва, будзем гатовыя разгледзець яе далучэнне да нашага фармату”, — заявіў міністр.
Ён адзначыў, што Люблінскі трыкутнік — частка стратэгіі Украіны па стварэнні пояса бяспекі паміж Балтыйскім і Чорным морамі. Сярод прыярытэтаў аб’яднання Кулеба назваў супрацьдзеянне „агрэсіўнай палітыцы Расійскай Федэрацыі”, кібербяспеку, барацьбу з дэзынфармацыяй, супрацьдзеянне нелегальным фінансавым патокам і падатковым злачынствам, каардынацыю палітыкі ў сферы працоўнай міграцыі.
12 жніўня 2020 года міністры замежных спраў краін Люблінскага трыкутніка выступілі з сумеснай заявай, у якой выказалі глыбокую занепакоенасць сітуацыяй у Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў і заклікалі ўлады ўстрымацца ад прымянення сілы. „Павага да асноўных свабод і правоў чалавека, уключаючы дэмакратыю і вяршэнства права, з’яўляецца неабходным для далейшага развіцця незалежнай і суверэннай Беларусі, якую мы цалкам падтрымліваем, — гаварылася ў заяве. — Мы ўпэўненыя, што толькі шляхам дыялогу наяўную сітуацыю можна вырашыць на карысць народа і дзяржавы Беларусь. Пры неабходнасці мы адкрытыя да любой дапамогі для садзейнічання гэтаму дыялогу”.
29 студзеня гэтага года ў анлайн-сустрэчы кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў краін Люблінскага трыкутніка ўзяла ўдзел Святлана Ціханоўская. Беларускі дэмакратычны лідар падзякавала іх за дапамогу беларусам, вымушаным пакінуць радзіму. Ціханоўская заклікала „прыняць больш эфектыўныя індывідуальныя санкцыі супраць усіх асоб, якія маюць дачыненне да фальсіфікацыі выбараў і рэпрэсій, уключаючы Лукашэнку”, а таксама выказала меркаванне аб эфектыўнасці націску на рэжым шляхам кропкавых эканамічных санкцый супраць „бізнесменаў і фірм, так званых кашалькоў Лукашэнкі”. Яна заклікала не фінансаваць рэжым Лукашэнкі і „пераключыць праграмы, якія тычацца Беларусі, з дзяржаўных на недзяржаўныя суб’екты, дзе гэта магчыма”, а таксама прапанавала разгледзець магчымасць стварэння „міжнароднай кааліцыі для спрашчэння пераходу ўлады ў Беларусі”. Паводле слоў Ціханоўскай, яна бачыць унікальны гістарычны шанец закласці аснову для трывалага мірнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю, Украінай, Польшчай і Літвой. Яна прапанавала ператварыць Люблінскі трыкутнік у Люблінскую чацвёрку — „з удзелам дэмакратычнай Беларусі”, што было б „гістарычна справядліва і стварыла б умовы для больш эфектыўнага рэгіянальнага супрацоўніцтва”.
23 лютага ў Кіеве на сумеснай прэс-канферэнцыі з Дзмітрыем Кулебам міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс выступіў за супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасцю Беларусі ў фармаце Люблінскага трыкутніка. „Люблінскі трыкутнік — добрая ініцыятыва, — сказаў Ландсбергіс. — Я лічу, што мы павінны працягнуць працу ў гэтым фармаце, і, дзе гэта магчыма, мы маглі б паспрабаваць уцягнуць у яе грамадзянскую супольнасць Беларусі. У гэты час існуе не так шмат падобных палітычных фарматаў для грамадзянскай супольнасці Беларусі, якая змагаецца за магчымасць правядзення дэмакратычных выбараў”.