Кіраўнік МЗС Вялікабрытаніі асудзіў масавыя вобшукі



Кіраўнік МЗС Вялікабрытаніі Дамінік Рааб асудзіў масавыя вобшукі ў журналістаў і праваабаронцаў у розных гарадах Беларусі.

„Я асуджаю затрыманні, ажыццёўленыя рэжымам Лукашэнкі ў дачыненні да СМІ і праваабарончых арганізацый, у тым ліку праваабарончага цэнтра „Вясна” і Беларускай асацыяцыі журналістаў — лаўрэата першай канадска-брытанскай прэміі за свабоду СМІ. Гэтыя недарэчныя спробы задушыць тых, хто выкрывае парушэнні правоў чалавека, толькі ўмацоўваюць рэжым у статусе ізгоя”, — напісаў ён у „Твітэры”.

16 лютага вобшукі прайшлі ў офісах і кватэрах дзясяткаў праваабаронцаў, прафсаюзных актывістаў і незалежных журналістаў па ўсёй краіне. Так, вобшукі былі праведзеныя ў офісе Беларускай асацыяцыі журналістаў, у яе старшыні Андрэя Бастунца, яго намеснікаў Барыса Гарэцкага і Алега Агеева, юрыста Крысціны Рыхтэр, у офісе пазбаўленага дзяржрэгістрацыі праваабарончага цэнтра „Вясна” і ў яго старшыні Алеся Бяляцкага, у каардынатара кампаніі „Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэя Палуды, лідараў і актывістаў незалежнага прафсаюза РЭП, рэгіянальных праваабаронцаў у многіх гарадах краіны. Колькі чалавек затрымана, пакуль невядома, паколькі падчас вобшукаў масава канфіскоўваліся камп’ютары і тэлефоны.

Следчы камітэт паведаміў, што вобшукі праходзяць у рамках расследавання справы паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса Беларусі (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). „У межах папярэдняга расследавання з мэтай устанаўлення абставінаў фінансавання пратэстнай дзейнасці следствам ініцыяванае правядзенне вобшукаў у арганізацыях, якія пазіцыянуюць сябе як праваабарончыя. Правядзенне працэсуальных дзеянняў даручанае супрацоўнікам ГУБАЗіК МУС і санкцыянаванае Генеральнай пракуратурай”, — гаварылася ў паведамленні.

Вобшукі ў беларускіх журналістаў і праваабаронцаў асудзілі ў Савеце Еўропы, Еўрасаюзе, АБСЕ, арганізацыі „Міжнародная амністыя”, беларускія праваабарончыя арганізацыі, Беларуская нацыянальная платформа Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства і іншыя арганізацыі.

belapan.by