Кіраўнік МЗС Вялікабрытаніі Джэймс Клеверлі: Украінцы маюць права выкарыстоўваць сілу за межамі Украіны
Кіраўнік МЗС Вялікабрытаніі Джэймс Клеверлі пракаментаваў сённяшнюю атаку дронаў на Маскву.
Па словах брытанскага міністра, украінцы маюць законнае права рабіць гэта ў межах сваіх межаў, але таксама маюць права выкарыстоўваць сілу за межамі Украіны, каб падарваць здольнасць Расеі накіроўваць сілы на саму Украіну.
Украінская грамадская дзяячка Галіна Якушко, якая жыве ў Кіеве, сведчыць, што жыццё працягваецца, ва ўкраінцаў баявы дух, шмат людзей на вуліцах. На Дзень горада ва ўсіх быў святочны настрой:
– У мяне настрой добры. І я бачу, што наўкол у людзей таксама настрой добры, баявы. Нават нягледзячы на тое, што на нас практычна праз ноч адбываюцца атакі іранскімі дронамі. Усё адно я бачу, што кіеўляне працягваюць звыклае жыццё. Як раз зараз Дзень Кіева, у многіх святочны настрой.
Тым часам, Украіна ўжо атрымала ад саюзнікаў каля 60 танкаў Leopard 2. Пра гэта заявіў кіраўнік Мінабароны Аляксей Рэзнікаў. Паводле слоў украінскага міністра, у склад так бы мовіць „танкавай кааліцыі” ўваходзяць Нямеччына, Польшча, Нідэрланды, Швецыя, Партугалія, Гішпанія і Канада.
Беларускае Радыё Рацыя