Кіраўнік МЗС Вялікабрытаніі: Таемная інаўгурацыя Лукашэнкі яшчэ больш падрывае яго рэпутацыю



„Таемная інаўгурацыя Лукашэнкі яшчэ больш падрывае яго рэпутацыю”, — напісаў у „Твітэры” міністр замежных спраў Вялікабрытаніі Дамінік Рааб.

 

„Яго сфальсіфікаваныя выбары былі падманам беларускага народа”, — падкрэсліў ён.

У сваю чаргу парламенцкі намеснік міністра замежных спраў і міністра міжнароднага развіцця Вялікабрытаніі Уэндзі Мортан заявіла, што Вялікабрытанія не прызнае вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

„Вельмі шкада, што Лукашэнка правёў таемную цырымонію інаўгурацыі, — напісала яна ў „Твітэры”. — Беларускі народ заслугоўвае большага: поўнай празрыстасці, вызвалення затрыманых, спынення гвалту і свабодных і справядлівых выбараў”.

Цырымонія інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі прайшла 23 верасня ў Менску ў Палацы Незалежнасці ў абстаноўцы сакрэтнасці. Пра яе стала вядома з паведамлення дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА, якое пазней прадублявала прэс-служба Лукашэнкі.

Аб непрызнанні Лукашэнкі прэзідэнтам Беларусі заявілі Германія, Данія, Латвія, Літва, Славакія, Чэхія, Эстонія, Украіна і ЗША.

belapan.by