Кіраўнік “Патрыёта” Мікалай Міхалькоў – на волі



Як стала вядома Праваабарончаму цэнтру “Вясна”, кіраўнік бабруйскага клуба “Патрыёт” Мікалай Міхалькоў адпушчаны на свабоду.

Міхалькоў-старэйшы заставаўся апошнім з фігурантаў справы аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў з ліку “патрыётаў”.  

Юрыст праваабарончага цэнтра „Вясна” Валянцін Стэфановіч не выключае, што вызваленні могуць працягнуцца

— Стала вядома, што быў вызвалены Міхалькоў старэйшы, бо малодшага ўжо вызвалілі раней. Гэта, дарэчы, таксама адзін з тых трох, каму не было прад’яўлена дадатковага абвінавачвання па дзейнасці незаконнага збройнага фармавання, а толькі ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. Таму, у прынцыпе, мы меркавалі, што гэтыя людзі верагодней за ўсё будуць вызваленыя,і вось бачыце, пакуль што гэта так і адбываецца.

Па меркаванні Валянціна Стэфановіча, вызваленне можа сведчыць, што ніякіх рэальных доказаў віны ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў адносна Мікалая і Яна Міхальковых, а таксама і іншых вызваленых няма. Аднак пакуль невядома, ці знятая з яго абвінавачванне.

Нагадаем, Мікалай Міхалькоў быў затрыманы 24 сакавіка і першапачаткова знаходзіўся ў СІЗА КДБ, дзе яму было афіцыйна прад’яўлена абвінавачванне па ч.3 арт. 293 КК РБ. Пасля быў пераведзены ў СІЗА-1 на Валадарскага. Дадамо, што ён з’яўляўся адным з трох фігурантаў справы, якім не было прад’яўлена дадатковае абвінавачванне, звязанае з незаконным узброеным фармаваннем.

Такім чынам, за кратамі застаюцца 17 фігурантаў справы, сярод якіх 16 асобаў, чые імёны звязваюць з дзейнасцю былой арганізацыі “Белы легіён”, і актывіст сацыял-дэмакратычнай партыі Сяргей Кунцэвіч.

Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

 Беларускае Радыё Рацыя