Кіраўнік Пентагона ўпершыню з пачатку вайны пагаварыў з Шайгу пра Украіну
Міністр абароны ЗША Лойд Осцін упершыню з пачатку расейскага ўварвання пагаварыў са сваім расейскім калегам Сяргеем Шайгу.
Пра гэта паведаміў у сваёй заяве спікер Пентагона Джон Кірбі, піша „Еўрапейская праўда”.
Осцін заклікаў да неадкладнага спынення агню ва Украіне і адзначыў важнасць падтрымкі ліній сувязі, дадаў Кірбі. Іншых дэталяў размовы прадстаўнік Пентагона не раскрыў.
У міністэрстве абароны Расеі паведамілі, што Шайгу і Осцін абмеркавалі „актуальныя пытанні міжнароднай бяспекі, уключаючы сітуацыю ва Украіне”.
Там таксама заявілі, што размова адбылася па ініцыятыве ЗША.
У мінулым месяцы Осцін заявіў, што Вашынгтон хоча „ўбачыць Расею аслабленай да такой ступені, што яна не зможа рабіць тое, што рабіла падчас уварвання ва Украіну”.
Фота: Michael Reynolds/EPA/EFE