Пачаўся візіт у Беларусь кіраўніка МЗС Польшчы (абноўлена)



Міністр замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі наведае Беларусь 22—23 сакавіка.

Паводле інфармацыі польскага пасольства ў Менску, у 11.00 ён мае намер ускласці вянкі да магіл ахвяраў сталінскіх рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты.

У 13.00 Вашчыкоўскі наведае візавы цэнтр Польшчы, размешчаны ў гандлёвым цэнтры „Галілеа”, які адкрыўся 18 сакавіка.

Сустрэча кіраўніка польскага МЗС з яго беларускім калегам Уладзімірам Макеем павінна пачацца ў 14.45. Міністры „абмяркуюць увесь спектр двухбаковых адносін, надаўшы асаблівую ўвагу тэматыцы эканамічнага супрацоўніцтва, узаемадзеянне ў рамках міжнародных і рэгіянальных арганізацый, сітуацыю ў рэгіёне”, паведаміла прэс-служба беларускага МЗС. Па выніках перамоў яны сустрэнуцца з журналістамі.

Плануецца таксама, што Вітальда Вашчыкоўскага прыме Аляксандр Лукашэнка, аднак гэта інфармацыя пакуль не пацверджана афіцыйна.

Вечарам польскі міністр мае намер сустрэцца з прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў Беларусі. Паводле інфармацыі прэс-службы Аб`яднанай грамадзянскай партыі, сустрэча павінна пачацца ў 19.00.

23 сакавіка Вітальд Вашчыкоўскі адправіцца ў Гародню, дзе ўскладзе кветкі да помніка польскай пісьменніцы Элізе Ажэшцы і сустрэнецца з мясцовымі палякамі. У Гродзенскай вобласці кіраўнік МЗС Польшчы таксама збіраецца наведаць Ваўкавыск, родны горад сваёй маці.

За некалькі дзён да прыезду ў Менск Вітальд Вашчыкоўскі ў інтэрв`ю Польскаму радыё заявіў: „Мы хочам будаваць нармальныя еўрапейскія адносіны, заснаваныя на еўрапейскіх стандартах, для таго каб аднавіць сувязі з Беларуссю, а таксама схіліць ўладу гэтай краіны па-еўрапейску ставіцца да сваіх грамадзянаў, у тым ліку да польскай меншасці. Не атрымаецца клапаціцца пра польскую меншасць, не аднавіўшы дыялог з беларускімі ўладамі”.

Апошні раз міністр замежных спраў Польшчы наведваў Беларусь больш за пяць гадоў таму. У лістападзе 2010 года Радослаў Сікорскі, які тады займаў гэту пасаду, прыязджаў у Мінск разам са сваім нямецкім калегам Гіда Вестэрвеле, яны сустракаліся з Аляксандрам Лукашэнкам. Гэта было незадоўга да выбараў прэзідэнта Беларусі 19 снежня. Выбары, як вядома, завяршыліся жорсткім разгонам дэманстрацыі пратэсту і арыштам апазіцыйных кандыдатаў у прэзідэнты, пасля чаго адносіны афіцыйнага Мінска з Польшчай і Еўрасаюзам у цэлым былі замарожаныя.

***

Намеснік кіраўніка польскага фонду «Свабода і дэмакратыя» Марэк Буцька адзначыў, што, на яго думку, візіт можна расцаніць як чарговую спробу лібералізаваць Лукашэнку і перацягнуць яго на Захад, якая нічым не скончыцца. У той жа ж час ёсць іншыя пытанні, якія можна спрабаваць вырашыць:

– Ёсць некалькі іншых спраў: малы памежны рух, пытанне легалізацыі Саюзу палякаў у Беларусі, які дзейнічае нелегальна. Я спадзяюся, што калі ўсё ж адбудзецца сустрэча нашага міністра з Лукашэнкам, то хоць пытанне Саюза палякаў, можа, атрымаецца вырашыць. А калі не, то далейшыя кантакты, якія ніяк не перакладаюцца на практычныя дзеянні, будуць проста непрадуктыўнымі.

Я лічу, што міністр Вашчыкоўскі не зробіць той жа трагічнай памылкі, якую ў 2010 годзе зрабіў Сікорскі, што, у сваю чаргу, прывяло да поўнага разбіцця беларускай апазіцыі. Яна дагэтуль не можа сабрацца. Многія трапілі тады ў турмы, частка мусіла выехаць з краіны.

Таксама Марэк Буцька дадаў, што для сапраўднага збліжэння беларускага грамадства з Польшчай трэба было б знесці візы для беларускіх грамадзянаў, а не наладжваць добрыя стасункі з Лукашэнкам:

– Калі мы хочам сапраўднага збліжэння градаства Беларусі і Польшчы, Беларусі і Еўропы, то перадусім мы павінны былі б аднабакова адмяніць візы для беларусаў. А Еўропа захоўвае візавы рэжым. У Польшчу прыехаць цяжка, гэта нятанна і патрабуе часу. І ў гэты ж самы час адмяняюць санкцыі ў дачыненні да беларускага рэжыму. Хіба, гэта не тая дарога. Не такім шляхам павінна ісці збліжэнне нашых грамадстваў.

Падчас свайго афіцыйнага візіту Вітальд Вашчыкоўскі збіраецца наведаць Курапаты,  Ваўкавыск і  Гародню, а таксама сустрэцца з Уладзімірам Макеем.

 

***

На сайце МЗС Беларусі з’явілася наступнае паведамленне:

22-23 сакавіка 2016 г. адбудзецца працоўны візіт у Рэспубліку Беларусь міністра замежных справаў Рэспублікі Польшча Вітальда Вашчыкоўскага.

У межах візіту прадугледжаны перамовы кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў Беларусі і Польшчы. Уладзімір Макей і Вітальд Вашчыкоўскі абмяркуюць увесь спектр двухбаковых дачыненняў, надаўшы асаблівую ўвагу тэматыцы супрацы ў галіне эканомікі, узаемадзеянне ў межах міжнародных і рэгіянальных арганізацыяў, сітуацыю ў рэгіёне.

22 сакавіка ў МЗС Беларусі прадугледжаны наступныя мерапрыемствы для прадстаўнікоў СМІ; 14:45 – пратакольныя фота- і відэаздымкі перамоваў міністраў замежных спраў Беларус і Беларусі ў пашыраным складзе;

16:00 – сустрэча з прадстаўнікамі СМІ.

****

Ва ўрочышчы Курапаты ўлады наводзяць парадак – пра гэта днямі паведамлялі незалежныя медыя. Адметна, што раней парадак у месцы сталінскіх расстрэлаў наводзілі толькі актывісты. Такую актыўнасць дзяржавы многія звязваюць з візітам у Менск міністра замежных спраў Польшчы Вітальда Вашчыкоўскага. Раней міністр адзначыў, што плануе наведаць Курапаты, а ў эфіры польскага радыё “Jedynka” расказаў пра планы наведаць Гародню і Ваўкавыск:

Ваўкавыск – гэта адно з месцаў, дзе жывуць палякі. А разам з гэтым, паездка туды будзе крыху сентыментальнай. У Ваўкавыску нарадзілася мая мама, там жылі мае продкі. Дзядуля там працаваў. Вось і хачу, як буду вяртацца з Менска ў Польшчу, па дарозе заехаць туды і затрымацца ненадоўга ў Ваўкавыску.

Візіт міністра Вашчыкоўскага ў Беларусь адбудзецца 22-23 сакавіка. Гэта першы візіт кіраўніка знешняй палітыкі Польшчы ў Менск за апошнія пяць гадоў. Вядома, што ў аўторак польскі міністр мае сустрэцца са сваім беларускім калегам Уладзімірам Макеем. У Гародні плануюцца сустрэчы з прадстаўнікамі польскай нацыянальнай меншасці.

* * *

Падчас візіту ў Беларусь 22-23 сакавіка міністр замежных справаў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі можа сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам. Але пацверджання гэтай сустрэчы з беларускага боку пакуль няма. Пра гэта польскі міністр паведаміў у эфіры польскага радыё «Jedynka» ў праграме “Сігналы дня”. Дакладна вядома, што Вашчыкоўскі сустрэнецца са сваім беларускім калегам Уладзімірам Макеем. Паводле польскага міністра, гэта будзе азнаямляльны візіт пасля некалькіх гадоў халодных дачыненняў на высокім узроўні:

У аўторак і сераду наступнага тыдня буду з візітам у Менску, пасля – у Ваўкавыску і Гародні. Я лічу, што мы як суседзі павінны ўтрымліваць стусункі. Варта паглядзець, што адбываецца, што мы маем: паляпшэнне ці пагаршэнне сітуацыі.

У сераду польскі міністр пакіне Менск і накіруецца ў Гародню. Афіцыйны візіт скончыцца сентыментальнай нотай. Перад тым, як вярнуцца ў Польшчу, Вашчыкоўскі хоча затрымацца на некалькі гадзін у Ваўкавыску, дзе нарадзілася яго маці і да вайны жыла яго сям’я.

Беларускае Радыё Рацыя