Кіраўнік прадстаўніцтва ЕЗ адбыў з Беларусі для кансультацый
Кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскага Звяза ў Беларусі Дзірк Шубель 30 чэрвеня адбыў з краіны.
„Сёння Дзірк Шубель, пасол ЕЗ у Беларусі, выехаў у Брусель для кансультацый”, — паведамілі ў прадстаўніцтве Еўразвяза.
У сувязі з новымі санкцыямі Еўрасаюза 28 чэрвеня Дзірк Шубель быў выкліканы ў беларускае МЗС. Еўрапейскаму дыпламату было прапанавана выехаць у Брусель для кансультацый, каб „давесці свайму кіраўніцтву пазіцыю беларускага боку аб непрымальнасці націску і санкцый”. Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ЕЗ Аляксандр Міхневіч быў адкліканы для кансультацый у Мінск.
Шубелю абвясцілі, што Беларусь прыпыняе ўдзел у ініцыятыве ЕЗ „Усходняе партнёрства”, пачынае працэдуру прыпынення дзеяння пагаднення з ЕЗ аб рэадмісіі, забараняе ўезд у краіну „прадстаўнікам еўраструктур і асобам з краін Еўрапейскага саюза, якія спрыялі ўвядзенню абмежавальных мер”. Таксама было абвешчана, што Беларусь „працягвае выпрацоўку іншых мер рэагавання, у тым ліку эканамічнага характару”.
21 чэрвеня быў ухвалены чацвёрты пакет санкцый ЕЗ у дачыненні да Беларусі. У спісе 78 фізічных і восем юрыдычных асоб.
24 чэрвеня Еўразвяз упершыню ў гісторыі ўвёў сектаральныя эканамічныя санкцыі ў дачыненні да Беларусі. Як паведаміла прэс-служба Савета ЕЗ, увядзенне санкцый стала адказам на парушэнні правоў чалавека ў краіне, рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці, дэмакратычнай апазіцыі і журналістаў, а таксама на вымушаную пасадку самалёта Ryanair і затрыманне Рамана Пратасевіча і Сафіі Сапегі, якія знаходзіліся на борце.
Сектаральныя эканамічныя санкцыі ўключаюць забарону на прамы або ўскосны продаж, пастаўку, перадачу ці экспарт любой асобе ў Беларусі абсталявання, тэхналогій або праграмнага забеспячэння, прызначаных для выкарыстання ў маніторынгу або перахопе інтэрнэту і тэлефоннай сувязі. Забароненая перадача тавараў і тэхналогій двайнога прызначэння для выкарыстання з ваеннымі мэтамі.
Санкцыі абмяжоўваюць гандаль нафтапрадуктамі, калійнымі ўгнаеннямі і таварамі, што выкарыстоўваюцца для вытворчасці тытунёвых вырабаў.
Абмяжоўваецца доступ на рынкі капіталу ЕЗ, забараняецца страхаванне і перастрахаванне ўрада Беларусі і беларускіх дзяржаўных органаў і ўстаноў.
Еўрапейскаму інвестыцыйнаму банку забаронена фінансаваць праекты ў дзяржаўным сектары, а дзяржавы — члены ЕС абавязаныя абмежаваць удзел у Беларусі шматбаковых банкаў развіцця, членамі якіх з`яўляюцца.
Акрамя эканамічных санкцый, ЕЗ са жніўня мінулага года ўвёў чатыры пакеты санкцый, у якія трапілі 166 фізічных і 15 юрыдычных беларускіх асоб.