Кіраўнік РПЦ Кірыл прыбыў у Беларусь



Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл 13 кастрычніка прыбыў у Беларусь з першасвятарскім візітам. Самалёт з прадстаяцелем Рускай праваслаўнай царквы прызямліўся ў нацыянальным аэрапорце Мінск.

Сёння вечарам праваслаўны іерарх здзейсніць усяночнае трыванне ў Свята-Духавым кафедральным саборы ў цэнтры Мінска з удзелам епіскапату Беларускага экзархата РПЦ і членаў Святога сінода.

14 кастрычніка патрыярх Кірыл здзейсніць чын асвячэння менскага храма Усіх Святых, а таксама ў асяроддзі іерархаў ускладзе вянок да абеліска на плошчы Перамогі. Акрамя таго, запланаваная сустрэча патрыярха з епіскапатам БПЦ у вузкім коле.

15 кастрычніка прадстаяцель РПЦ сустрэнецца з Аляксандрам Лукашэнкам у Палацы Незалежнасці. Спачатку сустрэча пройдзе ў фармаце „тэт-а-тэт”, а затым з удзелам епіскапату Беларускай праваслаўнай царквы і членаў Святога сінода.

Пасля сустрэчы з Лукашэнкам патрыярх Кірыл і іншыя іерархі адправяцца ў Мінскае епархіяльнае ўпраўленне, дзе адбудзецца пасяджэнне Святога сінода.

Напярэдадні візіту прадстаяцеля РПЦ старшыня сінадальнага аддзела па ўзаемаадносінах РПЦ з грамадствам і СМІ Уладзімір Лягойда выступіў з заявай аб тым, што Святы сінод на пасяджэнні 15 кастрычніка ў Мінску „дасць належную ацэнку” дзеянням Канстанцінопальскага патрыярхату ў дачыненні да аўтакефаліі Украінскай праваслаўнай царквы, якой тая дамагаецца.

У красавіку прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка звярнуўся да канстанцінопальскага патрыярха Варфаламея з просьбай выдаць Томас аб аўтакефаліі праваслаўнай царквы ва Украіне. Яго падтрымалі некананічныя Украінская праваслаўная царква Кіеўскага патрыярхату і Украінская аўтакефальная праваслаўная царква, але не падтрымала афіцыйная УПЦ Маскоўскага патрыярхату.

22 красавіка Святы сінод Канстанцінопальскага патрыярхату афіцыйна прыняў гэты зварот да разгляду. 7 верасня патрыярхат апублікаваў камюніке, у якім паведамлялася аб прызначэнні двух сваіх іерархаў экзархамі ва Украіне.

У адказ на гэта Святы сінод РПЦ, які лічыць Украіну сваёй кананічнай тэрыторыяй, абвінаваціў патрыярха Варфаламея ва ўмяшанні ва ўнутраныя справы іншай памеснай царквы і прыняў рашэнне прыпыніць кантакты з Канстанцінопальскім патрыярхатам.

11 кастрычніка сінод Канстанцінопальскага патрыярхату зняў анафему з непрызнанага кіеўскага патрыярха Філарэта, якую ў 1997 годзе наклаў на яго Маскоўскі патрыярхат „за раскол”. Тое ж зрабіў Канстанцінопаль у дачыненні да кіраўніка Украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Макарыя. Гэта прамежкавае рашэнне на шляху надання аўтакефаліі Украінскай праваслаўнай царкве.

belapan.by