Кіраўнік OMCT: У Беларусі здзейсненае злачынства супраць чалавечнасці



Цяперашні крызіс у Беларусі носіць не толькі палітычны характар — гэта крызіс у галіне правоў чалавека ў цэлым, заявіў генеральны сакратар Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT) Джэральд Стэйбрак на прэс-канферэнцыі 16 верасня.

Канферэнцыя праходзіла ў відэафармаце.

„Катаванні, са сведчаннямі якіх мы сутыкнуліся, з’яўляюцца характэрнай рысай рэпрэсій на фоне гэтага крызісу, — канстатаваў ён. — Пасля выбараў нам прадэманстравалі наўмысную, спланаваную і арганізаваную палітыку жорсткасці, у якой катаванні і жорсткае бесчалавечнае абыходжанне былі наўмыснымі. Паколькі ўсё гэта насіла шырокамаштабны, спланаваны і арганізаваны характар, гэта з’яўляецца злачынствам супраць чалавечнасці”.

Стэйбрак падкрэсліў: „катаванні і жорсткасць” з боку сілавікоў „працягваюцца па гэты дзень”, а ўлады „не жадаюць разбірацца ва ўсёй гэтай сітуацыі”, што толькі пацвярджае „факт здзяйснення злачынства супраць чалавечнасці”.

„Мы бачым, што [з боку ўладаў] няма прызнання праблемы, спагады ахвярам, выбачэнняў, — падкрэсліў кіраўнік OMCT. — Ахвяры, якія звяртаюцца па медыцынскую дапамогу, рызыкуюць зведаць судовы пераслед. Людзі, якія пішуць скаргі, сутыкаюцца з тым, што ў дачыненні да іх незаконна вылучаюць абвінавачанні. Такім чынам, катаванні — наўмысная палітыка”.

Стэйбрак адзначыў, што на сесіі Савета ААН па правах чалавека 18 верасня пройдуць дэбаты па сітуацыі ў Беларусі, падчас якіх OMCT і беларускі праваабарончы цэнтр „Вясна” прадставяць даклад аб катаваннях як дзяржаўнай палітыцы ўладаў Беларусі ў поствыбарчы перыяд. „Я лічу жыццёва важным, каб у сітуацыі, калі ўлады не жадаюць прызнаваць крызіс у краіне, Савет ААН па правах чалавека прыняў выразную рэзалюцыю з патрабаваннем аб спыненні парушэнняў правоў чалавека і ініцыяваў дзейсны працэс збору доказаў парушэнняў, як гэта было ў іншых краінах”, — заявіў ён.

Намеснік старшыні цэнтра „Вясна” і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека Валянцін Стэфановіч звярнуў увагу на тое, што прэзідэнцкія выбары ў Беларусі „з самага пачатку суправаджаліся шматлікімі рэпрэсіямі”. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, з 6 мая па 8 жніўня было затрымана не менш за паўтары тысячы чалавек, больш за 200 з іх зведалі кароткатэрміновы арышт, больш за 300 — пакаралі штрафамі. Акрамя таго, распачата не менш як 27 крымінальных спраў у дачыненні да патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты, членаў іх каманд, блогераў.

„Самі выбары не былі свабоднымі і дэмакратычнымі, асабліва працэс падліку галасоў, які быў цалкам непразрыстым, — адзначыў Стэфановіч. — Гэта і стала прычынай таго, што людзі выйшлі на акцыю пратэсту адразу пасля выбараў 9 жніўня, прычым дэманстрацыі прайшлі не толькі ў Мінску, але і ва ўсёй Беларусі. Міліцыя атакавала мірных дэманстрантаў, ужыўшы супраць іх спецыяльныя сродкі. Гвалт у дачыненні да грамадзян быў непамерным. Упершыню ў гісторыі Беларусі не менш чым тры пратэстоўцы загінулі ў выніку дзеянняў міліцыі, больш за 7 тысяч пратэстоўцаў затрымалі”.

„Гэтыя падзеі — катаванні, жорсткае і бесчалавечнае стаўленне — яшчэ больш узрушылі наша грамадства. Некалькі дзён пасля 9 жніўня беларускія праваахоўнікі прычынялі грамадзянам Беларусі фізічны боль і маральныя пакуты < … > як пры затрыманнях, так і падчас утрымання пад вартай. Ахвяры зведвалі катаванні і жорсткае, бесчалавечнае абыходжанне: іх абражалі, збівалі дубінкамі, траўмавалі, білі токам, у іх стралялі гумовымі кулямі. Міліцыя распыляла газ у памяшканнях з людзьмі ўнутры, іх прымушалі гадзінамі стаяць на каленях голымі, пагражалі ім ужываннем зброі і сексуальным гвалтам. Затрыманых пазбаўлялі сну, сродкаў гігіены, ежы і вады, адмаўлялі ў медыцынскай дапамозе і неабходных леках”, — сказаў праваабаронца.

Паводле слоў Стэфановіча, можна з упэўненасцю сказаць, што гаворка ідзе пра злачынствы супраць чалавечнасці, якія „не маюць тэрміну даўнасці ў беларускім нацыянальным заканадаўстве”. Аднак на гэты момант, дадаў ён, „органы пракуратуры і Следчы камітэт не распачалі ніводнай крымінальнай справы па фактах катаванняў”. Наадварот, у апошні час „улады па тэлебачанні сцвярджаюць, што ўсе гэтыя гісторыі не адпавядаюць рэчаіснасці”.

„Сітуацыя ў Беларусі ў цэлым у апошнія тыдні пагаршаецца. Міліцыя працягвае ўжываць гвалт супраць мірных дэманстрантаў. Хай не так сістэматычна, як раней, але ў любым выпадку яны працягваюць прымяняць яго, у тым ліку ў дачыненні да жанчын”, — падкрэсліў Стэфановіч.

На прэс-канферэнцыі на ўмовах ананімнасці таксама выступілі трое пацярпелых, якія былі затрыманыя падчас акцый пратэсту пасля выбараў, збітыя і ўтрымліваліся ў нечалавечых умовах.

belapan.by