Кіраўнік ЦРУ: Расея зараз не настроена на рэальныя перамовы



Кіраўнік Цэнтральнага разведвальнага ўпраўлення Уільям Бернс лічыць, што на дадзены момант вайны з Украінай Расея не настроена на рэальныя перамовы.

Пра гэта ён распавёў у інтэрв’ю PBS, піша „Еўрапейская праўда”.

Разам з тым, кіраўнік ЦРУ лічыць памылковай веру прэзідэнта РФ Пуціна ў тое, што ён зможа працягваць вайну працяглы час і нішто яго не спыніць.

„Я думаю, што ён памыляецца, робячы гэтую стаўку, гэтак жа як ён памыляўся, глыбока памыляўся, робячы стаўку 24 лютага, калі ён пачаў гэтую вайну”, – сказаў Бернс.

Ён адзначыў, што расейскія вайскоўцы зараз „моцна пабітыя”, а ўкраінскія вайскоўцы поўныя рашучасці. У той жа час, ён падкрэсліў, што ўкраінцам таксама патрэбны час для перааснашчэння і папаўнення запасаў.

Бернс таксама заявіў, што ЦРУ не бачыць на сёння ніякіх дакладных доказаў планаў Расеі прымяніць тактычную ядзерную зброю.