Кіраўнік ЦВК: У палітычных нетрах спее пытанне аб змене Канстытуцыі



Частку рэкамендацый, якія былі дадзеныя назіральнікамі АБСЕ па выніках прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі 2015 года і парламенцкіх 2016-га, ЦВК прапаноўвала ўнесці ў выбарчае заканадаўства, аднак вырашана было гэтага не рабіць у сувязі з магчымым унясеннем змяненняў у беларускую Канстытуцыю. Пра гэта заявіла старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына падчас відэабрыфінгу 22 лютага.

Гаворачы аб назіральных місіях АБСЕ, Ярмошына падкрэсліла: „Мы навучыліся з імі працаваць, кантактуем вельмі канструктыўна”. Частку прапаноў, адзначыла яна, ЦВК унесла ў рэкамендацыі камісіям на месцах. „Але засталася частка тых прапаноў, якія яны ўнеслі нам па выніках апошніх выбараў. Цэнтральная камісія ўнесла прапанову кіраўніку дзяржавы сабраць вялікую нараду і ўнесці гэта ў закон. Паколькі ў грамадстве існуе меркаванне, што, магчыма, давядзецца мяняць Канстытуцыю, выбарчае заканадаўства пакуль вырашылі не мяняць, увогуле, гэта пытанне адкладзена”, — расказала Ярмошына.

Каментуючы магчымую карэкціроўку Асноўнага закона, яна адзначыла: „Кіраўнік дзяржавы сказаў, што трэба падумаць аб мадэрнізацыі Канстытуцыі. Я думаю, недзе, у палітычных нетрах, гэта пытанне спее”.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь была прынята 15 сакавіка 1994 года. У далейшым у яе тройчы ўносілі змены па выніках ініцыяваных Аляксандрам Лукашэнкам рэферэндумаў у 1995, 1996 і 2004 гадах. Так, была зменена дзяржаўная сімволіка, значна пашыраны паўнамоцтвы прэзідэнта, скасаваны аднапалатны парламент і ўведзены двухпалатны, захавана смяротнае пакаранне і абмежавана прыватная ўласнасць на зямлю, уведзена магчымасць для адной асобы абірацца кіраўніком дзяржавы неабмежаваную колькасць разоў.

belapan.by