Кіраўнікі дыпмісій краін ЕЗ сустрэліся са сваякамі беларускіх палітвязняў
Кіраўнікі дыпламатычных місій краін Еўразвязу 16 чэрвеня ў Менску сустрэліся са сваякамі беларускіх палітычных зняволеных, паведамляе прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку”.
„На сённяшні дзень у Беларусі налічваецца 493 палітвязні. Яны знаходзяцца пад вартай за сваю грамадзянскую пазіцыю і палітычныя погляды, — гаворыцца ў паведамленні. — Сёння ў Менску кіраўнікі дыпламатычных місій Еўрапейскага звязу мелі гонар сустрэцца з роднымі беларускіх палітвязняў, каб выказаць сваю салідарнасць і суперажыванне”.
„Мы заклікаем усе сем`і палітычных зняволеных не губляць надзеі, а таксама выказваем ім падтрымку з боку ЕЗ. Мы глыбока ўражаныя мужнасцю і годнасцю ўсіх незаконна затрыманых і падзяляем іх чаканні таго моманту, калі ў Беларусі перамогуць свабода і справядлівасць”, — адзначылі ў прадстаўніцтве ЕЗ.
Мяркуючы па апублікаваных фатаграфіях, сустрэча прайшла ў пасольстве Літвы. Сярод удзельнікаў — жонка Паўла Севярынца Вольга Севярынец і жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч, бацька Сцяпана Латыпава Сяргей Латыпаў, жонка Ігара Лосіка Дар’я Лосік ды іншыя.