Кіраўнікі дзяржаў ЕАЭС далі Узбекістану і Кубе статус назіральніка



На пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета 11 снежня кіраўнікі дзяржаў — членаў Еўразійскага эканамічнага саюза прынялі рашэнне даць Узбекістану і Кубе статус дзяржавы — назіральніка пры ЕАЭС, паведаміла прэс-служба Еўразійскай эканамічнай камісіі.

З ініцыятывамі аб узаемадзеянні з саюзам у такім фармаце раней выступілі прэзідэнты гэтых краін.

Як паведаміла прэс-служба Лукашэнкі, падчас свайго выступлення на пасяджэнні ён адзначыў, што разлічвае на канструктыўнае супрацоўніцтва Кубы і Узбекістана з краінамі ЕАЭС. Лукашэнка асабліва адзначыў важнасць прысутнасці Узбекістана ў гэтым інтэграцыйным аб’яднанні.

Што да Кубы, Лукашэнка падкрэсліў: „Куба толькі геаграфічна далёкая ад нас, а гістарычна вы заўсёды былі з намі. Мы добра ведаем вас з часоў Савецкага Саюза. Упэўнены, што ваш уклад у пашырэнне нашага эканамічнага супрацоўніцтва будзе значным. Упэўнены, што і Куба , і Венесуэла, з якімі мы ўсе, члены саюза, падтрымліваем добрыя адносіны, будуць добрай асновай для нашага супрацоўніцтва з усёй Лацінскай Амерыкай”.

Як патлумачыла прэс-служба ЕЭК, статус дзяржавы — назіральніка пры саюзе прадугледжаны дамовай аб ЕАЭС. Дзяржава-назіральнік мае права накіраваць свайго прадстаўніка па месцы знаходжання Еўразійскай эканамічнай камісіі, упаўнаважанага на рэгулярнай аснове ўзаемадзейнічаць з ЕЭК.

Прадстаўнік, супрацоўнікі яго апарата і іншыя прадстаўнікі дзяржавы-назіральніка могуць браць удзел па запрашэнні ў пасяджэннях калегіі, савета камісіі і кансультатыўных органаў пры ЕЭК. Прадугледжана таксама магчымасць прысутнасці кіраўніка дзяржавы і ўрада дзяржавы-назіральніка па запрашэнні на пасяджэннях Вышэйшага савета і Еўразійскага міжурадавага савета.

Дзяржава, якая атрымлiвае статус назіральніка, абавязана ўстрымлівацца ад любых дзеянняў, што могуць нанесці шкоду інтарэсам саюза і яго дзяржаў-членаў, мэтам дагавора аб ЕАЭС.

У 2016—2019 гадах агульны тавараабарот Узбекістана з дзяржавамі — членамі ЕАЭС вырас у два разы з 4,5 млрд даляраў да 9,1 млрд. Цяпер доля замежнага гандлю Узбекістана з ЕАЭС складае 30%, а аб’ём экспарту сельгаспрадукцыі перавышае 75%.

Насельніцтва Узбекістана — 30,6 мільёна чалавек. Знешнегандлёвы абарот — 22,9 млрд даляраў, у тым ліку экспарт — 11,5 млрд даляраў (з якога каля 20% прыпадае на краіны ЕАЭС), імпарт — 11,4 млрд (каля 55% з краін ЕАЭС).

Па выніках 2019 года тавараабарот краін ЕАЭС з Кубай склаў 214,7 млн даляраў, у тым ліку экспарт — 197,1 млн даляраў і імпарт — 17,6 млн. У 2018 годзе быў зафіксаваны рэкордны з 2010 года ўзровень тавараабароту паміж ЕАЭС і Кубай (417,5 млн даляраў).

Дзяржавамі — членамі Еўразійскага эканамічнага саюза з’яўляюцца Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан і Расея. Яшчэ адной краінай-назіральнікам — Малдова.

БелаПАН