Кіраўнікі МЗС G7 заклікалі Беларусь адмовіцца ад падтрымкі Расеі
Міністры замежных спраў краін «Вялікай сямёркі» (G7) па выніках сустрэчы 14 траўня выступілі з заявай, у якой заклікалі Беларусь адмовіцца ад падтрымкі Расеі ў вайне супраць Украіны.
Краіны G7 «непахісныя ў салідарнасці і падтрымцы Украіны, якая абараняецца ад неабгрунтаванай, беспадстаўнай і незаконнай агрэсіўнай вайны Расеі, дзе Беларусь выступае саўдзельнікам».
«Мы чарговым разам патрабуем, каб Расея паклала канец распачатай ёй без прычыны вайне, чалавечым ахвярам і трагічным пакутам, якія яна працягвае прычыняць, — гаворыцца ў дакуменце. — Мы таксама працягваем заклікаць Беларусь выконваць свае міжнародныя абавязацельствы і спыніць прадастаўляць Расеі магчымасць здзяйсняць агрэсію [са сваёй тэрыторыі]».
«Мы абураныя фактамі рэпрэсій у Расеі і Беларусі ў дачыненні да незалежных СМІ, грамадзянскай супольнасці, апазіцыі і грамадзян, якія мірна выказваюць сваю незадаволенасць вайной РФ супраць Украіны, — адзначылі кіраўнікі МЗС краін G7. — Расейцы і беларусы заслугоўваюць лепшага: у іх павінна быць магчымасць у поўнай меры карыстацца асноўнымі правамі чалавека, найперш правам вырашаць свой лёс і лёс сваіх краін».
«Вялікая сямёрка» — нефармальны міжнародны клуб, які аб’ядноўвае Вялікабрытанію, Нямеччыну, Італію, Канаду, Францыю, Японію і ЗША.
Беларускае Радыё Рацыя