Кіраўнікі МЗС і міністры абароны краін НАТА абмяркуюць сітуацыю ў Беларусі



Міністры замежных спраў і абароны краін Паўночнаатлантычнага альянсу (НАТА) 1 чэрвеня правядуць дыстанцыйныя нарады па абароненай сувязі, паведамляецца на сайце НАТА.

 

Асноўнай тэмай нарад стане ініцыятыва „НАТА 2030”, якая ляжыць у аснове саміту лідараў краін альянсу, запланаванага на 14 ліпеня ў Бруселі.

„Чакаецца, што яны абмяркуюць актуальныя пытанні, у тым ліку далейшыя дзеянні НАТА ў Афганістане, а таксама падзеі ў Беларусі і ва Украіне”, — гаворыцца ў паведамленні.

Згодна з парадкам дня, пасяджэнне Паўночнаатлантычнага савета (асноўны орган прыняцця палітычных рашэнняў НАТА) у рамках нарады міністраў замежных спраў дзяржаў альянсу пройдзе ў 15.00—17.00 па менскім часе, у рамках нарады міністраў абароны — у 18.00—20.00.

На прэс-канферэнцыі 31 траўня генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг паведаміў, што альянс прыняў рашэнне абмежаваць доступ прадстаўнікам Беларусі ў штаб-кватэру арганізацыі.

Кіраўніка сакратарыята альянсу папрасілі „больш падрабязна расказаць пра якія-небудзь абмежаванні, з якімі беларускія дыпламаты цяпер сутыкаюцца ў НАТА”. „Мы пастаянна ацэньваем меры бяспекі тут, у НАТА, і мы вырашылі абмежаваць доступ прадстаўнікоў Беларусі ў штаб-кватэру НАТА — на аснове нашай ацэнкі мер бяспекі ў штаб-кватэры”, —заявіў ён.

На пытанне, ці мае намер альянс прыняць нейкія канкрэтныя меры ў дачыненні да Беларусі з-за інцыдэнту, звязанага з пасадкай самалёта Ryanair у Менску, Столтэнберг адказаў: „Саюзнікі НАТА прынялі вельмі моцную заяву, у якой мы паслалі вельмі выразны сігнал: мы рашуча асуджаем прымусовую пасадку грамадзянскага самалёта ў Менску і заклікаем да незалежнага міжнароднага расследавання”.

„Мы таксама выразна заявілі, што гэта не толькі парушэнне міжнародных нормаў і правілаў, але і прамы наступ на свабоду выказвання меркаванняў і свабоду незалежнай прэсы, — сказаў ён. — Таму мы таксама заклікалі да неадкладнага вызвалення тых дваіх [пасажыраў], якія былі арыштаваныя падчас вымушанай пасадкі. Мы дакладна заявілі, што вітаем рашэнне многіх саюзнікаў НАТА ўвесці санкцыі, уключаючы абмежаванне доступу беларускай авіякампаніі да іх паветранай прасторы. І, вядома ж, мы таксама вітаем рашэнні аб мерах, прынятых Еўразвязам”.

23 мая самалёт Ryanair, які ляцеў з Афін у Вільню, вымушана сеў у Менску. У аэрапорце паведамілі, што лайнер запытаў пасадку з-за паведамлення аб бомбе на борце. У Ryanair заявілі, што экіпаж атрымаў інфармацыю аб мініраванні ад беларускіх дыспетчараў, якія далі ўказанне пасадзіць самалёт у Менску. Па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі для суправаджэння лайнера ў неба паднялі знішчальнік ВПС Беларусі МіГ-29.

Пазней паведамленне пра бомбу не пацвердзілася, але стала вядома пра затрыманне беларускага блогера Рамана Пратасевіча, які знаходзіўся на борце самалёта. На радзіме ён абвінавачваецца па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса, быў абвешчаны ў міжнародны вышук, улады краіны накіравалі ў Польшчу запыт аб яго выдачы. Была затрыманая таксама сяброўка Пратасевіча Сафія Сапега, грамадзянка Расеі.

Еўрапейскі савет заклікаў усіх авіяперавозчыкаў, якія базуюцца ў ЕЗ, пазбягаць палётаў над Беларуссю і забараніць палёты беларускіх авіякампаній у краіны Еўразвяза. Яшчэ да гэтага закліку шэраг краін і асобныя авіякампаніі прынялі рашэнне прыпыніць палёты ў Беларусь і транзіт праз яе тэрыторыю.

На экстранным пасяджэнні савета Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ICAO) 27 мая было прынятае рашэнне правесці расследаванне інцыдэнту з самалётам Ryanair у Беларусі. ICAO павінна падрыхтаваць прамежкавую справаздачу па інцыдэнце да 25 чэрвеня.

На прэс-канферэнцыі 27 мая на борце брытанскага авіяносца „Каралева Лізавета” Столтэнберг з упэўненасцю заявіў: самалёт Ryanair прымусілі прызямліцца ў Менску, каб затрымаць Пратасевіча і Сапегу.

„Па-першае, тое, што мы ўбачылі ў сітуацыі з вымушанай пасадкай самалёта Ryanair, які ляцеў з адной сталіцы краіны — члена НАТА ў іншую — з Афін у Вільню — абсалютна непрымальна, — сказаў генеральны сакратар альянсу. — НАТА разам з многімі іншымі рашуча асуджае гэтае дзеянне, якое не толькі парушае міжнародныя законы і нормы, але і ставіць пад небяспеку многіх пасажыраў”.

„Гэта таксама было актам наступу на асноўныя дэмакратычныя правы — свабоду выказвання меркавання і свабоду СМІ. Бясспрэчна, самалёт вымусілі сесці, каб затрымаць журналіста і яго спадарожніцу. Любыя спробы растлумачыць гэта інакш проста не заснаваныя на фактах. Думаю, усе ўбачылі, што адбылося, калі самалёт паляцеў з Менска — затрымалі двух чалавек”, — дадаў ён.

belapan.by