Кіраўнікі МЗС краін Еўразвяза абмяркуюць пытанне па Беларусі



Пытанне па Беларусі ўнесена ў парадак дня сустрэчы Савета Еўразвяза па замежных справах.

Еўразвяз

Сустрэча адбудзецца 15 лютага, пра гэта паведамілі ў прэс-службе Савета ЕЗ. Дэталёвай інфармацыі прэс-служба на гэты момант не мае.

Нагадаем, да 29 лютага ЕЗ павінен вызначыцца наконт далейшага лёсу абмежавальных мер у дачыненні да Беларусі.

Цяпер дзейнічае рашэнне пра прыпыненне санкцый у дачыненні да 171 фізічнай і 10 юрыдычных асоб Беларусі, прынятае Еўразвязам 31 кастрычніка 2015 года. Дзеянне санкцый прыпынена у тым ліку ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі і яго старэйшых сыноў Віктара і Дзмітрыя, кіраўніка Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай, міністра інфармацыі Ліліі Ананіч, старшыні КДБ Валерыя Вакульчыка і яго папярэдніка Сцяпана Сухарэнкі. У спісе прадпрыемстваў значацца „Белтэхэкспарт”, „Белтэх Холдынг”, „Спецпрыборсервіс”, кампаніі „Трайпл” і „Ракаўскі бровар”, футбольны клуб „Дынама”, „Прастор-Трэйд”, „Акватрайпл”, „КварцМелПрам”, Бярозаўскі камбінат сілікатных вырабаў.

Пад санкцыямі пакуль застаюцца чатыры чалавекі, якіх ЕЗ лічыць датычнымі да знікненняў апазіцыйных палітыкаў у 1999—2000 гадах. Гэта Уладзімір Навумаў (былы міністр унутраных спраў), Віктар Шэйман (былы кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта), Юрый Сівакоў (у перыяд знікнення палітыкаў займаў пасаду кіраўніка МУС) і Дзмітрый Паўлічэнка (камандзір брыгады спецназа ўнутраных войскаў МУС).

Тэрмін дзеяння рашэння пра прыпыненне санкцый заканчваецца 29 лютага.

belapan.by