Кіраўнікі МЗС краін вялікай сямёркі асудзілі размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі



У Японіі адбылася сустрэча міністраў замежных спраў краін Вялікай сямёркі. Яны правялі сесію, прысвечаную сітуацыі ва Украіне. У яе межах таксама абмяркоўвалася размяшчэнне расейскай тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі.

Як паведамляе reform.by cа спасылкай на паведамленне японскага МЗС, міністр замежных спраў Есімаса Хаясі заявіў, „што меры супраць ухілення і абыходу санкцый, а таксама пастаўкі зброі трэцімі бакамі ў Расею зʼяўляюцца важнымі пытаннямі, і асудзіў рашэнне прэзідэнта Пуціна аб размяшчэнні тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі, што яшчэ больш узмоцніць напружанасць сітуацыі”.

Міністры краін G7 таксама пацвердзілі, што яны па-ранейшаму маюць намер узмацняць, каардынаваць і дамагацца поўнага выканання санкцый супраць Расіі. Таксама яны рашучыя ў падтрымцы Украіны.

Кіраўнікі МЗС G7 запатрабавалі ад Расіі неадкладна і безумоўна вывесці ўсю іх сілу і тэхніку з Украіны.