Кіраўнікі МЗС Латвіі і Літвы выступілі ў падтрымку свабоды СМІ ў Беларусі
У падтрымку свабоды масмедыя ў Беларусі выступілі кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў Латвіі Эдгарс Рынкевічс і Літвы Лінас Лінкявічус на Сусветнай канферэнцыі па свабодзе прэсы, арганізаванай ЮНЕСКА і Міністэрствам замежных спраў Нідэрландаў (9—10 снежня).
Рынкевічс, словы якога прыводзіць прэс-служба яго міністэрства, падкрэсліў, што свабода СМІ і бяспека журналістаў з’яўляюцца прыярытэтам знешняй палітыкі Латвіі ў сферы правоў чалавека. Ён заклікаў міжнародную супольнасць рашуча рэагаваць на пагрозы свабодзе масмедыя, бяспецы, здароўю і жыццю журналістаў.
„Мы хацелі б звярнуць асаблівую ўвагу на драматычную сітуацыю са СМІ ў Беларусі”, — сказаў Рынкевічс. Ён праінфармаваў аўдыторыю аб тым, што Латвія прапануе праграмы падтрымкі, навучання і лячэння для пацярпелых беларускіх журналістаў, і заклікаў краіны-аднадумцы ўзмацніць падтрымку незалежных СМІ ў Беларусі.
„Свабода выказвання меркаванняў і свабода друку — краевугольны камень дэмакратыі, — падкрэсліў в.а. міністра замежных спраў Літвы Лінкявічус. — Такім чынам, наш абавязак — арганізаваць бяспечнае медыяасяроддзе, павысіць бяспеку журналістаў і пакласці канец беспакаранасці за злачынствы супраць іх. Літва асуджае прымяненне гвалту і рэпрэсій супраць журналістаў”.
Лінкявічус „яшчэ раз нагадаў міжнароднай супольнасці аб занепакоенасці сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі”, адзначаецца ў паведамленні МЗС Літвы. Ён заклікаў беларускія ўлады пакласці канец усім формам гвалту ў дачыненні да журналістаў, адвольным арыштам і затрыманням, а таксама эфектыўна расследаваць парушэнні свабоды СМІ.