Кіраўнікі памежных ведамстваў Беларусі і Польшчы дамовіліся аб актывізацыі супрацы
Старшыня Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі Анатоль Лапо і галоўны камендант Памежнай варты Польшчы Томаш Прага падчас рабочай сустрэчы 31 кастрычніка ў Варшаве абмеркавалі становішча на беларуска-польскай дзяржаўнай мяжы, прааналізавалі стан яе аховы і абмяняліся інфармацыяй аб супрацьдзеянні злачыннай дзейнасці сёлета, паведамляе прэс-цэнтр Дзяржпагранкамітэта Беларусі.
„Бакі падкрэслілі, што сітуацыя стабільная і кантраляваная. Разам з тым негатыўныя працэсы, звязаныя з незаконнай міграцыяй і перамяшчэннем тавараў цераз мяжу, наносяць шкоду нацыянальным інтарэсам абедзвюх дзяржаў і патрабуюць сумесных намаганняў”, — гаворыцца ў паведамленні.
На агульным участку мяжы за дзевяць месяцаў гэтага года беларускімі памежнікамі затрымана 140 незаконных мігрантаў, выяўлена 25 спробаў увозу ў Беларусь наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў масай больш за 214 кг.
Размова на сустрэчы таксама ішла аб донарскіх праектах, у прыватнасці аб праграме PL-BY-UA 2014-2020 „Трансмежавае супрацоўніцтва”, якая рэалізуецца ў рамках Еўрапейскага інструменту суседства. Бакі прынялі рашэнне аб падрыхтоўцы праекта плана супрацоўніцтва паміж пагранічнымі службамі дзвюх краін, у тым ліку на ўзроўні экспертаў.
Наступная сустрэча кіраўнікоў памежных ведамстваў Беларусі і Польшчы запланаваная на другое паўгоддзе 2020 года.
belapan.by