Кіраўнікі ўрадаў Польшчы і краін Балтыі: Мы не будзем паддавацца на правакацыі Лукашэнкі



Польшча і краіны Балтыі займаюць агульную пазіцыю адносна міграцыйнага крызісу на межах з Беларуссю.

Як заявіў паводле вынікаў відэаканферэнцыі з удзелам прэм’ер-міністраў Польшчы, Летувы, Латвіі і Эстоніі (адбылася 21 жніўня з ініцыятывы кіраўніка польскага ўрада Матэвуша Маравецкага) кіраўнік канцылярыі польскага прэм’ера Міхал Дворчык, урады гэтых чатырох краін не збіраюцца паддавацца на правакацыі беларускага рэжыму, паведамляе polskieradio.pl.

Міхал Дворчык

„Пазіцыя прэм’ераў Польшчы і краін Балтыі — адназначная і вельмі дакладная: абавязацельствам кожнага з урадаў з’яўляецца ахова сваіх межаў, тым больш што гэта таксама знешнія межы ўсяго Еўрапейскага саюза. Мы маем справу з гібрыднай вайной, якую вядуць беларускія ўлады. Мы абавязаныя абараняць сваіх грамадзян і не можам дазваляць сабе паддавацца на правакацыі, якія праводзіць апошнімі днямі беларускі рэжым”, — сказаў Дворчык.

Раней кіраўнік руху „Адкрытая Расія” Міхаіл Хадаркоўскі заявіў, што Аляксандр Лукашэнка, які выклікаў міграцыйны крызіс у Летуве, дзейнічае несамастойна, так ён імкнецца аказаць паслугу Крамлю.

Як паведамлялася, 2 ліпеня Летува абвясціла рэжым надзвычайнай сітуацыі на мяжы ў сувязі з патокам нелегалаў з Беларусі. Такі рэжым аблегчыць прававое забеспячэнне неабходных дзеянняў і каардынацыю намаганняў органаў улады, прыцягненне дадатковых сіл, у тым ліку выкарыстанне сродкаў дзяржрэзерву, лічаць у МУС Летувы.

Міністр унутраных спраў Летувы Агне Білатайце заявіла, што „супраць Літвы вядзецца гібрыдная вайна, а нелегальная міграцыя — адзін са сродкаў”.

Агне Білатайце

19 ліпеня Лукашэнка прапанаваў Летуве не бязвыплатную дапамогу ў барацьбе з нелегальнай міграцыяй. У летувіскім МЗС на гэта адрэагавалі словамі: „Гэта не дапамога, гэта шантаж”.

БелаПАН