Раман Кісляк: Канфіскавалі старую тэхніку і наклалі арышт на частку маёмасці
У межах справы, звязанай з Каардынацыйнай Радай, адбыўся ператрус у Берасці ў тым доме, дзе жыў Раман Кісляк, вядомы праваабаронца. Па словах Рамана Кісляка, прадстаўнікі сілавых органаў паводзілі сябе тактоўна.
Сёння Раман Кісляк – Госць Рацыі. Пра гэтыя падзеі з ім размаўляе наш карэспандэнт Улад Грынеўскі:
РР: Ранкам 28 лістапада сілавікі пачалі прыходзіць да людзей з ператрусамі, да чальцоў Каардынацыйнай Рады, а таксама чальцоў Народнага антыкрызіснага кіравання. Шмат хто ў сацыяльных сетках піша, што звязана гэта з выбарамі ў Каардынацыйную Раду. Якія ў вас першыя каментары, адчуванні адносна такой вось дастаткова крытычнай інфармацыі з Беларусі?
Раман Кісляк: Відавочна, што гэтыя вобшукі праводзяцца ў межах нейкай маштабнай крымінальнай справы. Таму што ў хату, дзе я жыў, прыйшлі ў 6 раніцы. Прыкладна ў той жа час прыйшлі і да іншых сяброў Каардынацыйнай Рады. І гэта адбываецца па ўсёй краіне, не толькі ў Менску, у прыватнасці ў Берасці. Відавочна, што ўлады рыхтуюць вось такую крымінальную справу. Расследуюць яе і бліжэйшым часам выведуць у суд. І, канешне, я ўпэўнены, што яна звязаная з выбарамі ў Каардынацыйную Раду, таму што самі выбары павялічваюць легітымнасць і прадстаўніцтва Каардынацыйная Рады як такога прадстаўнічага органа, суб’екта дэмакратычных сіл Беларусі.
РР: Літаральна нават праз сто такіх ператрусаў сёння ва ўсёй Беларусі, прынамсі з такой заявай выступаюць праваахоўныя ограны Беларусі. Бяром гэта ў двухкоссе “нават сто ператрусаў”. Ці можам мы нейкім чынам разважаць на тэму: навошта гэта зараз зімой, навошта гэта такая брутальная актыўнасць?
Раман Кісляк: Гэтая актыўнасць не спыняецца, яна толькі пераходзіць у новыя крымінальныя справы, новыя формы. Гэта ўсё накіравана на тое, каб запужаць людзей, і тых, хто з’ехаў, і тых, хто застаўся, хто актыўны. Максімальна запужаць людзей.
І ў нейкай ступені гэтыя крымінальныя справы сталі такой інфармацыйна-псіхалагічнай аперацыяй, калі гэта накіравана на запужванне, каб панізіць градус актыўнасці.
Таксама ўводзіцца, што быццам адзін сябра Каардынацыйнай Рады выехаў і здаўся вось гэтай камісіі, я думаю, што гэта таксама такая спецыяльная псіхалагічная аперацыя, каб пасеяць вось гэтыя сумневы – а хто? Каб пачалі высвятляць.
Органы такім чынам дзейнічаюць, гэта такі стары метад, у адрозненне ад таго, што мы, Каардынацыйная Рада, прапануем. Мы якраз прапануем Новую Беларусі і лічым, што неабходна вызваліць яе ад дыктатуры і тыраніі. Лічым, што неабходна забяспечыць, каб у будучым не было такой рызыкі, каб не было тыраніі, каб была судовая рэформа. У прыватнасці, мы юрыдычнай камісіяй разглядаем два законапраекты ў рамках канцэпцыі рэформ пераходнага перыяду. Гэта законапрект імя Вітольда Ашурка пра правы зняволеных і гарантыях іх выканання і праект імя Уладзіслава Кавалёва пра суд прысяжных у крымінальным працэсе.
Праваабаронца Раман Кісляк вядомы ў Берасці праз так званую справу “акумулятарнага завода”. Ужо больш за два гады Раман жыве ў Грузіі, дзе з’яўляецца адным з актывістаў “Беларускай дыяспары ў Аджарыі”.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя