Кісляк: Ператрус звязаны з выбарамі ў Каардынацыйную Раду



28 лістапада ў Беларусі адбыліся ператрусы ў больш чым ста чалавек, якія маюць дачыненне да Каардынацыйнай Рады.

Гэтаму папярэднічала тое, што па дзяржаўных СМІ прагучала інфармацыя, што адзін з сябраў Каардынацыйнай Рады быў вымушаны звярнуцца ў так званую камісію «па вяртанні» і ён распавёў пра іншых сябраў Каардынацыйнай Рады.

Вядомы праваабаронца, сябра Каардынацыйнай Рады Раман Кісляк лічыць гэта адмысловай аперацыяй:

Мне ўяўляецца што гэта можа быць інфармацыйна-псіхалагічная адмысловая аперацыя, каб «баламуціць» наш асяродак, пасеяць унутры разлад, страх, падазрэнні. Я не выключаю, што гэта проста прыдумана, каб справакаваць нейкія дзеянні, і больш сабраць матэрыялаў для крымінальнай справы.

Па словах Рамана Кісляка, ператрус, які адбыўся і ў яго ў Берасці, звязаны верагодней за ўсё з будучымі выбарамі ў новы склад Каардынацыйнай Рады, якія адбудуцца ў пачатку 2024 году.

Самі выбары ствараюць легітымнасць, паляпшаюць яе. Безумоўна ўлады баяцца. Мы абмяркоўваем унутры Каардынацыйнай Рады шляхі вызвалення Беларусі. Мы абмяркоўваем, як пабудаваць новую Беларусь, якія законы, якія рэформы. У прыватнасці ў юрыдычнай камісіі мы абмяркоўваем два законапраекты: адзін, імя Вітольда Ашурка, адносна правоў вязняў, другі, імя Уладзіслава Кавалёва, у справе суда прысяжных у крымінальным працэсе.

Раман Кісляк быў вымушаны пакінуць Радзіму праз крымінальны пераслед яшчэ ў 2021-м годзе і з таго часу жыве ў грузінскім Батумі, дзе працягвае сваю грамадскую і праваабарончую дзейнасць.

Беларускае Радыё Рацыя