Кітай і РФ прынялі рашэнне не накіроўваць вайскоўцаў у Менск для ўдзелу ў парадзе
Ваенныя ведамствы Кітая і Расеі прынялі рашэнне не накіроўваць асабісты склад у Менск для ўдзелу ў парадзе 9 мая, паведаміла БелаПАН афіцыйны прадстаўнік Міністэрства абароны Беларусі Наталля Гаўрусік.
Раней прэс-служба Мінабароны паведаміла, што ў складзе пешай калоны з 20 парадных разлікаў па адным разліку будуць з Расеі і Кітая. Усяго ў калоне павінна было прайсці больш за 3 тыс. вайскоўцаў.
Гаўрусік таксама паведаміла, што апублікаваны напярэдадні план трэніровак да парада застаецца актуальным. У прыватнасці трэніроўкі роты ганаровай варты адбудуцца 5 і 6 мая на тэрыторыі Мінскай ваеннай камендатуры ў былым ваенным гарадку Уручча.
Адбудзецца як мінімум адна генеральная рэпетыцыя, аднак яе дата пакуль не вызначаная.
Як паведамлялася, Сусветная арганізацыя аховы здароўя паводле вынікаў наведвання Беларусі місіяй СААЗ 7—11 красавіка рэкамендавала ўладам краіны зрабіць агульнанацыянальныя захады па ўзмацненні фізічнага дыстанцыявання ва ўмовах распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі COVID-19. „Сітуацыя выклікае заклапочанасць і патрабуе неадкладнай рэалізацыі ўсёабдымнай змяшанай стратэгіі”, — падкрэсліваюць эксперты СААЗ і заклікаюць у ліку іншага перанесці ўсе масавыя мерапрыемствы.
21 сакавіка ў міністэрствы абароны і аховы здароўя была накіраваная петыцыя, якую падпісалі больш за 7,3 тыс. інтэрнэт-карыстальнікаў, з патрабаваннем забараніць правядзенне ваеннага парада 9 мая ў Мінску ў сувязі з пандэміяй COVID-19. У лісце ў адказ, які падпісаў 16 красавіка міністр абароны Віктар Хрэнін, гаворыцца, што эпідэміялагічная сітуацыя ў Беларусі дазваляе Узброеным сілам праводзіць планавыя мерапрыемствы баявой падрыхтоўкі, да якіх адносіцца і падрыхтоўка і правядзенне парада.
Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Андрэй Раўкоў пасля нарады па барацьбе з каранавірусам, якая прайшла 13 красавіка ў Аляксандра Лукашэнкі, заявіў вузкаму колу журналістаў, што рашэнне па пытанні правядзення ў Мінску ваеннага парада будзе прынятае бліжэй да 9 мая. „Мы людзі ваенныя, парад ніхто не адмяняў. На сённяшні дзень сярод удзельнікаў парада, якія рыхтуюцца, ніводнага хворага няма. Я спадзяюся, што самападрыхтоўка, яна пройдзе без збояў. Усе захады, якія робяцца, дазваляюць нам гаварыць пра тое, што мы планава падыходзім да правядзення парада 9 мая. Рашэнне, яно рашэнне палітычнае, яно будзе прынятае, ну, у залежнасці ад становішча, якое будзе складвацца бліжэй да парада”, — сказаў дзяржсакратар Савета бяспекі.
belapan.by