КХП-БНФ абвяшчае аб стварэнні руху „Вольная Беларусь”
Кансерватыўна-хрысціянская партыя — БНФ абвяшчае пра стварэнне руху „Вольная Беларусь”. Сёння ёсць аб’ектыўныя асновы для дзейнасці ў краіне такога руху, заявіў БелаПАН намеснік старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі.
Планавалася, што пра заснаванне руху будзе заяўлена 25 сакавіка на мітынгу ў сталічным Кіеўскім скверы з нагоды Дня Волі. Намер быў абвешчаны лідарам партыі Зянонам Пазьняком, які жыве за мяжой, 17 сакавіка ў інтэрв’ю тэлеканалу „Белсат”. Аднак партыя, якая 28 лютага падала ў Менскі гарвыканкам заяўку на правядзенне мітынгу, так і не атрымала адказ сталічных уладаў. Спачатку Менгарвыканкам прапаноўваў прыйсці заяўнікам акцыі на сустрэчу 20 сакавіка, аднак затым адмяніў яе. Праз некалькі дзён улады паабяцалі запрасіць на сустрэчу 24 сакавіка, аднак час яе правядзення пакуль так і не паведамілі, хаця паводле закону заяўнікі павінны быць праінфармаваныя пра рашэнне за пяць дзён да пачатку акцыі.
23 сакавіка КХП-БНФ накіравала ў Генеральную пракуратуру скаргу на дзеянні Мінгарвыканкама. Партыя запатрабавала „прыняць меры пракурорскага рэагавання з нагоды парушэння дзейнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь Мінскім гарвыканкамам”. У арганізацыі лічаць, што ў дзеяннях Мінгарвыканкама ёсць прыкметы злачынства, якія падпадаюць пад дзеянне артыкула 196 КК (замінанне правядзенню вулічнай акцыі або ўдзелу ў ёй).
Пры гэтым у дакуменце адзначаецца, што КХП-БНФ адклікае з Менгарвыканкама заяўку на правядзенне мітынгу 25 сакавіка, бо ўжо не можа выканаць патрабаванні закону: правесці падрыхтоўку масавага мерапрыемства, прыняць меры па арганізацыі грамадскага парадку і бяспекі.
Беленькі лічыць, што адсутнасць магчымасці правесці мітынгу 25 сакавіка ніяк не паўплывае на працэс стварэння і дзейнасці руху „Вольная Беларусь”. „Партыя — гэта дысцыпліна, статут, а рух ствараецца для ўсталявання ў Беларусі незалежнага і дэмакратычнага ўладкавання дзяржавы. Таму людзі далучаюцца да руху па-за залежнасці ад сваіх палітычных перакананняў. Галоўнае — падтрымка гэтых ідэй”, — растлумачыў ён.
Палітык паведаміў, што партыя пазней падасць „больш шырокую інфармацыю, шэраг дакументаў, якія падрыхтаваныя, але пакуль не могуць быць абвешчаныя”. „Будзе спецыяльная прэзентацыя, падрыхтоўчая праца ўжо праведзеная. Гэта цяжкая падрыхтоўчая праца, параўнальная з рухам за незалежнасць у канцы 80-х — пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя”, — адзначыў Беленькі.
Ён лічыць, што для рэалізацыі мэтаў новага руху неабходныя „толькі воля і жаданне людзей”. „Сёння мы бачым, што гэтая воля і жаданне з’яўляюцца ўсё больш і больш. Рух на голым месцы існаваць не будзе, колькі яго ні дэкларуе. Калі няма аб’ектыўных асноў для яго існавання ў грамадстве, яно будзе нежыццяздольным. У гэтай сітуацыі ўсё наадварот: ёсць аб’ектыўныя прычыны, каб ён быў жыццяздольным”, — сказаў суразмоўца.
Палітык таксама паведаміў, што ў краіне „ёсць вядомыя людзі, якія пакуль не афішуюць свой удзел у працы над арганізацыйнымі дакументамі руху”. „Не ўсе, але некаторыя з іх далі згоду быць названымі пазней”, — адзначыў ён.
Як паведамляе партыйны сайт, першачарговымі задачамі руху стануць: адмена дэкрэта № 3 „Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”; адстаўка Аляксандра Лукашэнкі, кіраўніка ўрада Андрэя Кабякова, старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай; ліквідацыя інстытута ідэолагаў у арганізацыях, установах і на прадпрыемствах; адмена кантрактнай сістэмы; правядзенне рэформы пенсійнай сістэмы ў інтарэсах людзей; вяртанне Канстытуцыі 1994 года і правядзенне ў адпаведнасці з ёй выбараў у парламент; вяртанне ў якасці дзяржаўных сімвалаў бел-чырвона-белага сцяга і герба „Пагоня” і іншае.